Ксёндз праспяваў знакамітую песню «Алелюя» на беларускай мове. Мінулы яго запіс набраў звыш 1,5 мільёнаў праглядаў

Раней відэа пра тое, як ксёндз спявае гэту песню на рускай мове падчас шлюбу, стала папулярным у YouTube. Многія выказалі пажаданне, каб святар праспяваў па-беларуску — у выніку атрымаўся «цудоўны падарунак».

ks_14.jpg

Як паведамляе выданне katolik.life, пробашч каталіцкай парафіі ў Слоніме ксёндз Ігар Анісімаў праспяваў знакамітую песню «Алелюя» на беларускай мове. Запіс у студыі арганізавала «Радыё Марыя», таксама каманда радыё зняла з удзелам святара кліп — ён стаў фіналам навагодняга фільма «Цудоўны падарунак».

Гэта адбылося праз 9 год пасля таго, як вясельныя відэааператары зрабілі кліп пра тое, як ксёндз Ігар спявае падчас шлюбу ў касцёле песню «Алелюя» на рускай мове. Відэа набрала звыш 1,5 мільёна праглядаў, а святар стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.

Аднак у каталіцкай супольнасці выказвалі пажаданні аб тым, каб ксёндз праспяваў гэтую самую песню па-беларуску. Святар пагадзіўся, і такім чынам «Радыё Марыя» выканала гэта пажаданне, зрабіўшы навагодні «цудоўны падарунак». Глядзіце кліп ніжэй.

Крыніца: «Радыё Марыя» [ youtube ]

Для запісу беларускамоўнай версіі знакамітай песні выкарысталі тэкст, які прадаставіла арганістка касцёла ў Вішневе Марыя Трапашка — яна зрабіла вольны пераклад рускамоўнага тэксту ксяндза Ігара.

Такім чынам, беларускія каталікі надалі папулярнай песні хрысціянскі змест — у арыгінале ж яна мае зусім іншы сэнс.