Мікола Казак: мастак дадатнай і адмоўнай прастораў

Імя мастака Міколы Казака — малавядомае, хоць творчасць яго была параўнальная з Хаімам Суціным або Маркам Шагалам. А крытыкі пісалі, што філасофія Казака блізкая да супрэматызму Малевіча.  



1_mikolakazak.jpg

Мікола Казак

Беларуская паваенная эміграцыя ў Італію была большаю, як, да прыкладу, у Галандыю, але значна меншаю ў параўнанні з Даніяй, Бельгіяй ці Швецыяй.

У гэтай краіне нібыта і існавала некалькі арганізацыяў — Беларускае студэнцкае згуртаванне ў Рыме, Беларускае каталіцкае акадэмічнае аб'яднанне «Рунь», рэдакцыя часопіса «Зніч», але ва ўсіх была аднолькавая адрэса — Via della Transportina, 18.

Цэнтрам беларускага арганізаванага жыцця ў Рыме быў гаспадар памяшкання — рэдактар «Зніча», пісьменнік, перакладчык, заснавальнік і дырэктар беларускай секцыі Радыё Ватыкану пралат Пётра Татарыновіч (1896–1978).

Зрэшты, эміграцыя з Беларусі ў Італію ніколі не была масаваю; ехалі сюды Скарынавым шляхам адзінкі: вучыцца. І ў паваенныя гады сітуацыя бадай што не змянілася (калі, натуральна, не лічыць беларусаў у Другім польскім корпусе) — невялікая купка інтэлігентаў, можа з тузін, мо крыху болей.

Газета «Бацькаўшчына» пісала (№16 (60). 5 кастрычніка 1949 г.): «Сяньня беларусаў у Італіі няшмат. Засталіся толькі студэнты, і тыя, якіх не хацела прыняць IРО пад сваю апеку. Адносіны італьянцаў да беларусаў, наагул, былі і ёсьць добрыя. Аб гэтым сьведчаць факты, калі італьянцы прымалі пад сваю апеку тых, якіх адкінула ІРО і якім урады адмовілі сваю помач. Беларускія студэнты, якія студыююць на італьянскіх унівэрсытэтах у Рыме, хаця жывуць у вельмі цяжкіх матар’яльных умовах, аднак ужо шырака ведамыя ня толькі ў Рыме, але і ўва ўсёй Італіі.

Аб іх творчасьці ўжо многа раз пісалі італьянскія газэты і журналы. Гэтак, ведамы беларус — прафэсар малярства сп. Казак сваімі мадэрнымі, рэвалюцыйнымі малюнкамі перавысіў усіх італьянскіх мастакоў. Ягоныя працы цяпер у Італіі цэняцца вельмі высока. Другі мастак, опэрны сьпявак сп. Конюх, хаця яшчэ і ня выступаў як актор, бо яшчэ канчае студыі, але ўжо шырака ведамы. Ягоны бас будзіць вялікія надзеі сярод спэцыялістаў.

Што тычыцца беларускага арганізацыйнага жыцьця ў Італіі, то яно з прычыны дрэнных матар’яльных умоваў на сяньня ня мае магчымасьцяў на шырэйшае разьвіцьцё».

Пятро Конюх (1910–1994), як і незадоўга перад ім, 1930-х гадах, іншы знакаміты спявак, Міхась Забэйда-Суміцкі, менавіта ў Італіі вырабіўся на сусветна прызнанага прафесіянала. Тут ён запісаўся ў Акадэмію мастацтваў, дзе ў 1951 годзе атрымаў дыплом спевака, у 1956 годзе — музычнага крытыка і ганаровае званне "маэстра акадэміі".

Імя іншага новага рымляніна, згаданага ў тым даўнім артыкуле газеты «Бацькаўшчына», — мастака Міколы Казака — мала што скажа сёння беларусу, хоць вядомасць яго была хай і не ўзроўню Хаіма Суціна або Марка Шагала, але непараўнальна большаю за, прыкладам, Міхася Саўку ці Пётры Мірановіча.

Народжаны 4 верасня 1917 года ў вёсцы Лушча Лунінецкага раёна, у 1935 годзе ён атрымаў стыпендыю на навучанне ў школе мастацтваў у Варшаве, па заканчэнні якой вучыўся ў іншай школе — вядомага польскага мастака Тадэвуша Кулісевіча (1899–1988).

3_classic_harmony_between_positive_and_negative.jpg

Мікола Казак. Класічная гармонія паміж дадатным і адмоўным (1951)

Паехаўшы адведаць сваякоў у Ленінградзе, Казак заспеў там пачатак вайны, але здолеў усё ж дабрацца да Пінску, дзе па-ранейшаму жылі яго сваякі. Тут ён стаўся сведкам страты сястры і яе сям’і.

У 1942 годзе Мікола Казак пераехаў у Баранавічы, дзе пачаў зноў маляваць і дзе адбыліся першыя выставы ў 1942–1943 гадах. 1944 год ён правучыўся ў Вене, а ў 1945-м — выехаў на студыі ў Мастацкую акадэмію ў Рыме.

Рым падзяліў Казакова жыццё на дзве часткі. У вечным горадзе малады мастак, вядомы сваімі працамі ў рэчышчы традыцыйнага рэалістычнага мастацтва XIX стагоддзя, упершыню сутыкнуўся з мастацтвам абстрактным. Яго прыкмеціў і заапекаваўся Энрыка Прампаліні — цэнтральная постаць Другога Італьянскага Адраджэння. Мастацтва Казака, аўтара напісанага ў Рыме маніфесту «Physical Art — Action of Positive and Negative», параўноўвалі з творамі расійскіх канструктывістаў і Казіміра Малевіча.

Вітаўт Тумаш змясціў у часопісе «Конадні» тэкст мастака «Фізыкальнае мастацтва» па-беларуску:

«Мастацкае дазнаньне й глыбейшае тэарэтычнае дасьледваньне мастацкага твору наагул ды неразьвязаных яшчэ праблемаў антынатуралістычнага (абстрактнага) мастацтва ў асаблівасьці — прывялі мяне — у 1946–47 гг. — да ўводу ў творства «адмоўнае прасторы», як беспасярэдняга кампанэнту, ды аўтаматычна — да станаўкога і апраўданага адхіленьня кансэрватыўнае канцэпцыі прастакутнага вобразу малярства.

Каб зрэалізаваць гэты прынцып, я выкарыстаў дадатную прастору (цьвярдую масу) і адмоўную прастору (паветраную прастору) — два спачатныя фізыкальныя элемэнты — як адзіныя й беспасярэднія ўстаноўнікі твору, роля якіх — узаемна абумаўляць існаваньне адзін аднаго ды плястычную ўспрыймальнасьць цэлае рэальнасьці. У першым творы, што я сканструяваў, я ўжыў дзьве прасторы, дадатную і адмоўную, назваўшы яго «канструкцыяй з дадатнай і адмоўнай прасторы»; у другім творы я ўжыў толькі адмоўную прастору, назваўшы яго «канструкцыяй з адмоўнай прасторы». Двупрасторавая кампазыцыя азначае канструкцыю аднаго элемэнту ў другім, тымчасам як аднапрасторавая (адмоўная) кампазыцыя азначае канструкцыю аднаго фактару, толькі пры дапамозе дадатнае — цьвярдое лініі. Я назваў прадукцыю, заснаваную на гэтых элемэнтах, «фізыкальным мастацтвам»; ейны цьвярды кампанэнт я назваў «дадатнай прасторай», а паветраны кампанэнт — «адмоўнай прасторай» (Конадні. №5–6. 1958. С. 142).

2_adam_and_eve_negative_and_positive_square_cg_4348.jpg

Мікола Казак. Адам і Ева: адмоўная і дадатная прастора (1960)

У 1952 годзе Мікола Казак пераехаў у Нью-Ёрк. З гэтай нагоды апякун мастака Вітаўт Тумаш змясціў у «Запісах БІНіМ» (раздзел «Хроніка») наступную інфармацыю: «У пошуках за магчымасьцямі мастацкай творчай працы пераехаў у Ню-Ёрк наш суродзіч Мікола Касак. Творчы мастацкі шлях Міколы Касака — гэта кансэнквэтная эвалюцыя ад традыцыйнага малярства да малярства безпрадметнага (non-objective painting), якое ставіць сабе за заданьне раскрываць «нутраную духовую гармонію» (Кандыньскі) наскрозь малярскімі спосабамі, бяз насьледваньня формаў навакольнага сьвету. За мінулых 30 гадоў ад свайго паўстаньня малярства гэта дабілася значных асягненьняў, працаю галоўна такіх майстроў, як Кандыньскі, Мондрыян, Малевіч, Клеэ, Баўэр.

Праяваю здабытага прызнаньня для гэтага новага мастацтва ёсьць факт, што ў нова збудаваным гмаху Аб’яднаных Народаў у Ню-Ёрку, у галоўнай салі паседжаньняў, нядаўна былі намаляваныя вялізарныя насьценныя абстрактныя малюнкі францускага маляра Лежэра» (Запісы БІНіМ. №2. 1952. С. 123).

Выставы ў Амерыцы, Італіі, Францыі, Аргенціне і нават Савецкім Саюзе чаргаваліся з наведваннямі Беларускай хаткі ў Брукліне, лекцыямі па мастацтве, хоць у грамадскім жыцці быў не надта актыўным.

Не ў апошнюю чаргу спрычынілася да гэтага, напэўна, малая ўвага беларускае грамады да падобных мастацкіх твораў; яна аддавала перавагу рэалістычным працам Пётры Мірановіча, які быў завалены прыватнымі замовамі — як карцінаў з серыі «жыццё на бацькаўшчыне», так і напісання партрэтаў асобных дзеячаў (напрыклад, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Сядуры). Мірановіч не абмінаў выпадку пакпіць з абстрактнага мастацтва і самога Казака, які чакаў ад землякоў таго ж прызнання, што здабыў сярод небеларусаў. Ён сышоў, пачаўшы падаваць сябе як народжанага ў Расіі або нават як паляка, за што аднойчы быў ледзь не выкінуты з хаты абураным гэтым фактам Уладзімерам Русаком.

Казаку сапраўды было што паказаць: выдадзены ім «Physical art: action of positive and negative space» (Rome, 1947–1948, 1955), альбом «The art of Kasak. With a foreword by Robert Kramer, commentaries by Marcello Gallian and the artist's own manifesto on physical art»(New York: October House, 1968), кнігу аўтарства Bowlt, John E. «From action to dynamic silence: the art of Nikolai Kasak» (Salt Lake City (Utah), 1991).

З нагоды апошняга альбому ўплывовае выданне «The Russian Review» змясціла рэцэнзію Міраславы Мудрак, у якой пісалася літаральна наступнае: «Nikolai Kasak occupies a unique position within the art world today. He is a champion of the spirit that dictated the international geometric avant-garde of the first two decades of the twentieth century» (The Russian Review. Vol. 53. №3. P. 435–436).

4_vokladkakasak.jpg

Вокладка кнігі, прысвечанай творчасці Міколы Казака

Праз тры гады па выхадзе альбому, 30 верасня 1994 года, Мікола Казак памёр. Ягоныя творы час ад часу выстаўляліся на аўкцыёнах, былі яны і часткаю выставаў, пра якія паведамляла «New York Times».

Як пісалі крытыкі, філасофія Казака больш блізкая да агучанага Казімірам Малевічам супрэматызму, як да пазнейшых прынцыпаў канструктывізму. Але свае ідэі ён вынайшаў і сфармуляваў для сябе нашмат раней, як пабачыў творы майстроў гэтых плыняў. У трактаце «Фізыкальнае мастацтва» Мікола Казак напісаў так: «Гэтым выказваньнем я не манюся зьняцэньваць годнасьцяў заснавальнікаў філязофіі «канструкцыі ў прасторы», але, кажучы словамі Габо, «як мастак, я маю права адкідаць вобразы сьвету, створаныя маймі папярэднікамі перада мною, ды шукаць новых вобразаў, сутычных зь іншымі аглядамі жыцьця й прыроды, іншымі рытмамі, адпаведнымі новым духовым і пачуцьцёвым працэсам жыцьця ў нас сяньня, ды выяўленьнем гэтых новых вобразаў я маю права прэтэндаваць на іх як на вобразы рэальнасьці» (Конадні. №5–6. 1958. С. 143–144).