FSP: арт-пікнік на ўзбочыне Мінска (шмат фота)

У сталічным парку «Дрымлэнд» прайшла галоўная хіпстэрска-лайтовая тусоўка FSP Freaky Summer Party. Адразу можна адзначыць, што змена месца дыслакацыі арт-пікніка (традыцыйна раней ён ладзіўся на Камсамольскім возеры) не сапсавала агульнае адчуванне лаўнджа.

fsp__1_of_1__29.jpg

FSP. Дзень першы

Бадзяючыся па дарожках парку, мы пабачылі шмат усялякіх цікавостак.

Перш за ўсё, гэта шматлікія маркеты з рознай драбязой: вось, здаецца, не патрэбныя яна табе, і нават не ведаеш, што гэта і куды прыкласці, але ўсё роўна хочаш.

 

fsp__1_of_1__8.jpg

Каля галоўнай сцэны аматары паказытаць свае нервы (і нервы тых, хто гэта бачыў) мелі магчымасць саскочыць на надзьмуты батут з вельмі прыстойнай вышыні.

Мы высветлілі, што чалавек, які абіраў гэтую забаву, прыходзіў праз тры стадыі: спачатку ён казаў, што гэта зусім не страшна. Другая стадыя — калі ён глядзеў уніз з вышыні, і ў яго пачыналі трэсціся калені. І трэцяя — задаволены твар пасля скачка.

fsp__1_of_1__17.jpg

З галоўнай сцэны наўпрост з дыджэйскага пульта даносілася музыка, якая настройвала на адпачынак. Людзі завісалі на стагах сена, елі, абдымаліся, прагульваліся.

 

fsp__1_of_1__15.jpg

Адносна недалёка ад галоўнай сцэны размясцілася месца для дзяцей. Там ім чыталі розныя гісторыі, забаўлялі. А яшчэ там было шмат канструктараў лега. Нейкі хлопец гадоў за дваццаць нават прапанаваў, каб яго пакінулі на гэтай дзіцячай пляцоўцы і забралі напрыканцы фэсту.

 

fsp__1_of_1__16.jpg

Увогуле, на ўсёй тэрыторыі FSP было арганізавана шмат пляцовак з забавамі адмыслова для дзяцей.

 

fsp__1_of_1__31.jpg

А яшчэ на фэсце было шмат сабак. Не, ну а што? Яны таксама хочуць тусавацца!

fsp__1_of_1__25.jpg

Пасля ды-джэяў на галоўную сцэну выйшла Аня Жданава, якая добра ўпісалася ў агульную атмасферу свята. У яе лёгкі голас, які гучыць пад ненапружанае музычнае суправаджэнне.

 

fsp__1_of_1__21.jpg

А ў іншым месцы арт-пікніка мы пачулі рытмічныя рытм-н-блюзаўскія матывы.

 

fsp__1_of_1__23.jpg

Калі падышлі бліжэй, то ўбачылі брэйкданс.

 

fsp__1_of_1__18.jpg

Потым мы пацягнуліся на гук барабанаў і ўбачылі людзей з палкамі і мачэтэ ў руках.  Гэта школа FICAG танчыла макулеле — афрыканскі баявы танец, і капаэйру — бразільскі від адзінаборстваў змяшаны з танцамі.

fsp__1_of_1__12.jpg

Мы зайшлі паслухаць разумных людзей на адукацыйны спот Edutainment. І сустрэлі там заснавальніцу аднаго з вядучых еўрапейскіх фэстаў новай музыкі і гарадской культуры Tallinn Music Week ХэленуСільдну.

 

fsp__1_of_1__30.jpg

Ну, і якое ж фрык-паці без фрыкаў? Эксперыментальны фрык тэатр T(e)=Art паказаў выдатны перфоманс. Днём ён быў даволі спакойным і зусім не страшным. Нават дзеці, якія спачатку крыху баяліся, праз некаторы час сталі ўзаемадзейнічаць з акцёрамі. А вось увечары прадстаўленне стала не такім бескрыўдным, але пра гэта пазней.

fsp__1_of_1__33.jpg

Следам за ГаннайЖданавай на сцэну выйшла група 1/2 Orchestra ("Палова аркестра") з духавымі. Людзі падцягнуліся бліжэй да сцэны і пачалі танчыць.

 

fsp__1_of_1__35.jpg

Дарэчы, на тэрыторыі стаяла піяніна, за якое мог сесці кожны. Напрыклад, гэты дзядуля выконваў "The Beatles" песню "Yesterday".

fsp__1_of_1__39.jpg

А вось і другое прадстаўленне T(e)=Art. Гэта было крута! Гучала магутнае тэхна, быццам наўпрост з глыбінь пекла, дзе кругласуткавы рэйв. Хлопец бегаў і абліваў сябе чорнай і белай фарбай. Побач катаўся вялікі празрысты куб, усярэдзіне якога быў чалавек, загорнуты ў ліхтарыкі, якія хаатычна зіхацелі.

fsp__1_of_1__34.jpg

Хэдлайнерамі першага дня сталі On-the-Go. Расійскі індзі-поп-гурт завяршыў дзень на прыемнай і лёгкай ноце. А самыя моцныя адправіліся тусавацца далей — у "Хуліган".


FSP. Дзень другі

У гэтым годзе фэст расцягнуўся на два дні. Але ў нас паўстала пытанне: а ці варта ці не надакучаць адны і тыя ж забаўкі за два дня?

fsp_2__1_of_1__3.jpg


На адукацыйнай пляцоўцы выступаў Ілля Красільшчык — выдавец праекта meduza.io. Нават на пытанні з першага погляду «ні аб чым», ён даваў цікавыя і абгрунтаваныя адказы.

fsp_2__1_of_1__6.jpg

Потым мы хадзілі ад пляцоўкі да пляцоўкі, зноў наведалі маркеты і фудкорты, і нават саскочылі з вышкі на батут. І раптам задаліся пытаннем: «А што рабіць далей?» І зразумелі, што робім памылку: трэба не думаць, а адпачываць!
У кожнага фэсту павінна быць адметная рыса, і ў FSP яна ёсць — натуральнасць і лёгкасць. Кожны робіць, што захоча, а заняткаў тут шмат: можна паслухаць займальныя гісторыі людзей і пагаварыць з імі на Edutainment, патанчыць пад музыку, паскакаць на батуце, паспрабаваць капаэйру, паглядзець на перформансы і паўдзельнічаць у іх, завесці вялікую колькасць знаёмстваў… І гэта вельмі пазітыўная прыкмета, калі колькасць забавак на мерапрыемстве цяжка пералічыць.

fsp_2__2_of_2_.jpg


Падчас выступу групы “Intelligency” пайшоў маленькі дожджык. Але большасць гледачоў ён толькі разахвоціў.

fsp_2__1_of_1__34.jpg


Фантазія фрык-тэатра T(e)=Art зноў здзіўляла. Кожны раз яны дастаюць з кішэні штосьці новенькае. Увогуле яны бяскрыўдныя, але часам ты ловіш сябе на думцы, што толькі што пабываў у сярэдзіне трыпа кіслотнага наркамана.

fsp_2__1_of_1__21.jpg


Падчас выступу “Mujuice” хтосьці думаў пра сваё, а хтосьці працягваў адрывацца пад сцэнай. Хоць гэта і дзіўна, як можна скакаць пад такую меланхалічную музыку.

fsp_2__1_of_1__39.jpg


А вось саундчэк гурта-хэдлайнера “Balthazar” быў настолькі доўгім, што можна было б навучыцца граць на варгане.

fsp_2__1_of_1__43.jpg

Калі “Balthazar” пачалі граць, музыка разляцелася па ўсёй тэрыторыі арт-пікніка.

Падсумоўваючы, можна сказаць: FSP расце і развіваецца. Наступным разам варта наведаць гэты фэст. Калі будуць грошы, вядома ж.