Падборка песень да дня памяці Анатоля Сыса

4 траўня 2005 года памёр вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс. Да дня памяці мы традыцыйна робім падборку песень на словы Анатоля Сыса, якія дапамагаюць адчуць шматграннасць паэта.

279503835_535189838252250_1944024640864420019_n.png

Znich – Крумкач

Нягледзечы на вялікую колькасць метал-гуртоў у Беларусі і іх дастаткова вялікую цікаўнасць да беларускай культуры і паганства ў асаблівасці, знайсці песню на словы Анатоля Сыса атрымалася толькі ў выкананні метал-гурта “Znich”. Гэта песня досыць добра паказвае, што патэнцыял вершаў Анатоля Сыса ў метал-музыцы вялікі, пэўна, праблема ў тым, што метал-выканаўцы проста не сутыкаліся з творчасцю Анатоля Сыса ў адрозненні ад рок-музыкаў.



Андрэй Мельнікаў – Сабака

Адзін з самых кранальных вершаў Анатоля Сыса “Сабака” быў прысвечаны Алесю Гаруну — выбітнай і трагічнай асобе ў беларускай паэзіі. У песні Андрэя Мельнікава няма нейкага цікавага музычнага складніка, ёсць шчырае прачытанне, якое дапамагае лепей зразумець настрой верша. Песні барда тым і цікавыя, што перадаюць энергетыку паэзіі: у Андрэя Мельнікава першасны тэкст, а потым музыка.


Кадмій – Вырасце раса


“Кадмій” адносна малады калектыў і яшчэ не надта вядомы сярод прыхільнікаў беларускай музыкі, нягледзячы на дасведчаных удзельнікаў (Дар’я Кадамская, Цімур Рэйзіс), але тым не менш у творчай скарбонцы гурта ўжо знайшлося месца для песні на словы Анатоля Сыса. Я неаднойчы чытаў верш “Адвечным шляхам”, але такога адчування фаталізму, як пасля праслухоўвання ў выкананні Дар’і Кадамскай, не ўзнікала ніколі.

Ilo&Friends – Сланечнікі

Некалі песня “Сланечнікі” ў выкананні “Ilo&Friends” увайшла ў лік 12 лепшых па выніку сезона музычнага партала “Tuzin.fm”. Так я пазнаёміўся з творчасцю гэтага гурта. Паслухаць песню мне было цікава і таму, што яшчэ раней яе выканаў бард Андрэй Мельнікаў. Хутчэй за ўсё, Ілона Карпюк і не ведала пра існаванне песні Мельнікава, але выкананне атрымалася ў адным, і ў другім выпадку з блюзавай рытмікай, досыць падобным. Тым цікавей!


BosaeSonca – Псіхіятрычная

Цікавы выбар радкоў для сваёй песні зрабіў гурт “BosaeSonca”. Быў выкарыстаны ўрывак з паэмы “Алаіза”. Цікавы ён тым, што большасць песень на словы Анатоля Сыса — гэта вершы са зборніка “Пан Лес”, паэма ж “Алаіза” ўвайшла ў зборнік “Агмень”, да якога іншыя музыкі раней амаль не звярталіся. Беларускія музычныя эксперты вельмі цёпла сустрэлі з’яўленне гурта “BosaeSonca” за іх арыгінальныя музычныя рашэнні. Прачытанне верша Анатоля Сыса музыкамі дадало словам паэта новыя грані, якія магчыма дапамогуць зразумець паэму “Алаіза” лепш.