«Паэты планеты» — эсклюзіў міждународнай кніжнай выставы
Ці не найбольш цікавы для беларускамоўнага чытача — стэнд выдаўца і перакладчыка Змітра Коласа.
Менавіта выдавецтва Коласа спрычынілася да атрымання ў 2016-м перакладчыцкай прэміі імя Карласа Шэрмана — Якубам Лапаткам за пераўтварэнне фінскага эпасу «Калевала». На паліцах стэнда — гэтая кніга, пераклады і выданні сусветнай літаратуры мінулых гадоў. І 16 брашур з новага сенсацыйнага праекту «Паэты планеты», запачаткаванага толькі летам 2016-га.
За кароткі тэрмін творчы калектыў — Зміцер Колас, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута ды іншыя, уласнымі намаганнямі і з выкарыстаннем класічных перакладаў (Ніны Мацяш, Васіля Сёмухі, Рыгора Барадуліна), сабралі і выдалі зборнічкі самых вядомых паэтаў свету. Наклады некаторых (250 асобнікаў) амаль разышліся, даючы магчымасць выдаваць наступныя кнігі. А ў плане — каля 70 пазіцый.
«Нашай ідэяй было забяспечыць навучальныя установы, бібліятэкі, прыватных аматараў паэзіі ладным наборам паэтычных тэкстаў, якія вывучаюцца ў сярэдняй і вышэйшай школе — зрабіць тое, да чаго ў дзяржавы не даходзілі рукі. Ды проста пацешыць аматараў прыгожага пісьменства. Працуючы фактычна за ідэю, аўтары перакладаў атрымліваюць ганарары пэўнай колькасцю экзэмпляраў выданняў. І кніжкі добра разыходзяцца. Калі б нам яшчэ 5 месяцаў таму сказалі, што за гэты час мы надрукуем 16 зборнікаў — два апошніх літаральна днямі — мы не паверылі б», — кажа Зміцер Колас.
Чарговая прэзентацыя новай серыі адбудзецца ў межах паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова 11 лютага з 16.30 па 18.30 у Галерэі TUT.BY, пр. Дзяржынскага, 57 — у форме «паэтычнага батлу». Перакладчыкі паэзіі з розных моваў свету будуць дэкламаваць свае вершаваныя пераўвасабленні. Правядзе імпрэзу Андрэй Хадановіч.