Палац у Ружанах расфарбавалі ў тры колеры (здагадайцеся, якія)

У Ружанах працягваецца рэстаўрацыя палаца Сапегаў, часткова атынкавалі і пафарбавалі аркаду. Але яна моцна адрозніваецца колерам ад фасада тэатральнага корпуса. Па выніку, на дадзены момант палац атрымліваецца трохкаляровым, паведамляе канал «Спадчына».

ruzany8.jpg

Цяпер комплекс мае 3 варыянты расфарбоўкі фасадаў з рознай схемай і адценнямі. На флігелях пры браме дэкор святлейшы за дэкор на сценах, на корпусе — значна цямнейшы (белыя элементы, відаць, з’явіліся нядаўна), на аркадзе — толькі на антаблеменце дэкор цямнейшы, а на ніжэйшых частках святлейшы.

ruzany4.jpg

ruzany1.jpg


ruzany2.jpg

ruzany3.jpg


«А можна спачатку правесці комплекснае навуковае даследаванне ўсіх аб’ектаў ансамбля, а толькі пасля распачынаць свае г.зв. «рэстаўрацыі?» — задаецца пытаннем аўтар паста.

ruzany7.jpg

Што за палац?
Некалі адзін з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых на тэрыторыі краіны, палац у Ружанах быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі саксонскім архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам па загадзе Сапегаў на месцы старога палаца. Менавіта ў новым палацы канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега прымаў караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

ruzany5.jpg


Праз два гады пасля гэтага палац быў перароблены пад суконную фабрыку. Палац пашкодзілі шматлікія войны, а падчас Другой сусветнай вайны ён быў цалкам разбураны. З 2008 года пачаліся археалагічныя раскопкі і рэстаўрацыя. Сёння ў адрэстаўраваным флігелі працуе музей.