Піт Паўлаў: Там, дзе няма канцэртаў, людзі развучваюцца на іх хадзіць

Акустычны канцэрт вакаліста і гітарыста N.R.M. Піта Паўлава прайшоў у Гродне 23 сакавіка.



get_imggruoxww3.jpg

Пасля выступу Піт, папіваючы чай з вялікага куфля з эмблемай “Лідскага”, даў інтэрв’ю карэспандэнтцы “Твайго стылю”.

Вы гатовы прыехаць у любы горад, які вас запросіць?

Тут яшчэ фігуравала невялічкая грашовая сума. Але так, я гатовы прыехаць у любы горад, з задавальненнем. Адзінае, што мала людзей прыйшло. Я думаю, што проста была завалена рэклама. Бо нават у маленькіх вёсках прыходзіць чалавек 70–80. Неяк зусім мала для Гродна, культурнага месца.

Існуе меркаванне, што ў адносна невялікіх гарадках людзі не распешчаныя вялікімі канцэртамі, таму з задаваленнем ходзяць у клубы, рэстараны на маленькія. Ці праўда гэта?

Там, дзе канцэртаў няма, людзі развучваюцца хадзіць на канцэрты. Яны прызвычайваюцца сядзяць па хатах, глядзець тэлевізар і піць піва. Вось у Мінску зараз шмат канцэртаў і шмат людзей на іх ходзіць. Калі шмат спакусаў, людзі прызвычайваюцца траціць на гэта пэўную частку бюджэту. А калі нічога не адбываецца і нечакана хтосьці прыязджае, людзі не ведаюць, а ці наогул мне трэба туды ісці? На жаль, такая праблема існуе: у мястэчках выхавана пакаленне людзей, якія ніводнага разу не былі ні на адным канцэрце. Мы спрабуем разбурыць гэтую сістэму, прыязджаць спачатку з творчымі вечарынамі, потым з акустычнымі канцэртамі, і ўсё ж такі граць нармальныя электрычныя канцэрты N.R.M.

Вы сказалі, што гурт зараз у росквіце. Можна падрабязней пра гэта?

Я не сказаў, што гурт знаходзіцца ў росківіце. Пасля 2001 года, калі гурт выбухнуў,  былі напісаны выбітныя альбомы, сыграна вельмі шмат канцэртаў у Беларусі і за мяжой. Потым па інерцыі з’явіўся трыб’ют N.R.M. І тут пачалася стагнацыя, якая доўжылася гадамі. Было вельмі мала рэпетыцый, пісалася вельмі мала песень.

Зараз у нас творчы росквіт. Мы часта збіраемся, рэпетуем, пішам шмат песень. Мы выдалі новы альбом, амаль гатовы наступны, а вось тыя кантрабандысцкія песні — гэта яшчэ адзін. Даволі актыўна канцэртуем па Беларусі, давалі канцэрты ў Маскве, Піцеры. Гралі на вялізнейшых фестывалях у Польшчы, па якіх ніколі раней не гралі, дзе было  300 тысяч чалавек. То бок, пра росквіт я не магу гаварыць, але ў нейкім параўнанні — так.

get_img?ImageId=39970

Як вы аднесліся да таго, што крытыкі не вельмі высока ацанілі альбом?

Я не згодны з вамі, вы проста не тую крытыку бачылі. Ёсць так званыя прафесійныя крытыкі, гэта літаральна чатыры чалавекі, я іх называю “гурток кройкі і шыцця”. Вось гэтыя крытыкі ацанілі вельмі нізка. Яны змовіліся — і адзінае, што яны напісалі пра альбом, гэта, што “два-тры хіты прысутнічаюць”. Але ёсць крытыкі незалежныя, якія вельмі высока ацанілі альбом. А ў Польшчы ён нават трапіў на складанку лепшай музыкі з так званага Усходу, куды трапіла 12 гуртоў, 3–4 з Беларусі.

Альбом быў выдадзены накладам 10 000 асобнікаў. Гэтыя некалькі крытыкаў не зразумелі наш альбом. Іх кваліфікацыя не дазваляе ім урубіцца ў нешта новае. Я, калі гляджу, што ім падабаецца, задаволены, што яны не ацанілі альбом, бо я бачу, што яны не разбіраюцца ў сучасных плынях. Яны ацэньваюць тое, што, на мой погляд, не варта ўвагі. Калі б яны нас высока ацанілі, гэта б значыла, што мы зрабілі нешта кепскае.

Вам зручна выступаць у акустычным фармаце?

Зручна, апошнім часам я даволі часта выступаю такім чынам. Я раней не планаваў граць так, я не лічу сябе бардам. Але гэта зручна — узяў гітару, прыехаў. Нават без апаратуры можна справіцца, або ўзяць апаратуру з сабой. Мала таго, я пазаўчора быў на канцэрце Брайана Мэя ў Мінску. Ён і Керы Эліс гралі канцэрт пры свечках — акустычная гітара і галасы. І я яшчэ раз упэўніўся, што такі фармат варты ўвагі.

Вы аднойчы сказалі, што пакуль Вольскі быў у N.R.M., вам прыходзілася стаяць за яго спіной і даваць яму магчымасць быць зоркай. Ці адчулі вы цяпер пэўную свабоду?

Я так шмат усяго сказаў, што гэта толькі маленькая частка. Гэта было самаабмежаванне. Рок-гурт не можа існаваць, калі ўсе лезуць наперад. Каб гэты арганізм функцыянаваў, кожны павінен ведаць свае месца ў гурце. Лявону былі дэлегаваны гэтыя правы — рабіць, спяваць, даносіць ад усяго гурта гэтую энергію. Так, у нейкі момант мы ўсе сталі ценем вакаліста. Зараз астатнія члены калектыву таксама спяваюць. Але большую частку песень спяваю я. Так, нешта гэта змяніла. Не буду казаць, што ў лепшы бок, зараз проста па-іншаму. Канцэрты выглядаюць энергічнымі. Нам усім стала прыемней працаваць. З’явілася матывацыя, шмат энергіі.

get_img?ImageId=39972

Ці будуць яшчэ беларускамоўныя каверы?

Такіх прац у мяне вельмі шмат, бо я люблю шмат замежнай музыкі. У мяне былі каверы на песні Depeche Mode з гуртом Gardzkija “Я адчуваю цябе”, з Kriwi — “Толькі каханне”. Ёсць пераклад RHCP “Under the bridge”, я яго яшчэ не выконваў. Цоя пераклаў “Звезда по имени Солнце”. Гэтую працу я заўсёды рабіў. Калісьці мы зрабілі кавер на песню Песняроў “Александрына”. Некалі гралі “Добры вечар, дзяўчыначка”. Там не трэба было перакладаць, затое вялікую працу зрабілі ў музычным плане. Я спяваю адну песню Нірваны “Heart-shaped box”. Спяваю ў арыгінале. Яе можна перакласці, але нешта страціцца: гэта іранічны тэкст, моцная абраза дзяўчыне. Я не перакладаю песні, я прапускаю іх праз сябе, і яны становяцца маімі.

Можа, варта чакаць дыска?

Я хацеў выпусціць, але ўсе песні зроблены ў рознай стылістыцы. Некаторыя акустычныя, некаторыя з цымбаламі. Нірвану я хачу зрабіць як Курт, з электрагітарай. І крычаць там, як ён, рвучы голас. Калі не крычаць, знікае сэнс песні. Можна, вядома, спець на паўтоне. Але я хачу араць. І не хачу перакладаць. На англійскай гучыць таксама моцна.

Можа ёсць нейкі малады гурт, які вы адкрылі для сябе?

Ёсць. Сярод іх Мутнае Вока, Akute, Relikt, Tłusta Łusta, Тлушч, Dzieciuki, ТоnqiХоd. Даволі класныя. Мне падабаецца. Як для маладых гуртоў — супер. Я, можа, кагосьці не назваў, значыць, проста забыў.

Вы слухаеце шмат музыкі, ці гэта стала ўжо працай, і дома хочацца цішыні?

Я слухаю шмат музыкі. Да таго ж, калі я вырашу пасядзець у цішыні, ёсць наш прадусар, Глеб Галушка, заўсёды паставіць нейкую музыку, каб я слухаў. Хутчэй за ўсе, гэта будзе нейкая англійская ці амерыканская музыка. Нават зараз я даю інтэр’ю, і грае музыка. Яна пераследуе мяне па жыцці.

Ці можна лічыць, што існуюць беларускія гурты, якія нясуць нейкую ідэю, і гурты з Беларусі, якія арыентыюцца на расійкіх выканаўцаў або Захад?

Ёсць гурты, якія займаюцца творчасцю. Тут справа не залежыць ад мовы. Бачна, што расейскамоўныя гурты "Дай дарогу" і "Ляпіс Трубяцкі" — гэта вартасныя нармальныя рок-гурты. Ёсць з’ява, калі гурт быццам бы піша свае песні, але іх немагчыма адрозніць ад кавераў. Яны пішуць або па-руску, або па-англійску, і здаецца, што недзе ты гэта ўжо чуў. На беларускай звычайна атрымоўваецца больш-менш арыгінальна. Любы чалавек у стане зразумець, калі нешта зроблена творча.

Дарэчы, граць песні, падобныя на іншыя — някепскі шлях, каб навучыцца граць. Але калі спрабаваць зарабіць на гэтым грошы, то ніфіга не атрымаецца, бо лепш паслухаць арыгінал. Потым ужо пачаць ствараць арыгінальны матэрыял. І ўсім маладым гуртам я раю пісаць на беларускай. Яна адразу паэтычна гучыць. Або па-руску.

На англійскай мове беларус не можа выказацца. На ёй выказваюцца англічане ці амерыканцы. Яны на ёй жартавалі, з яе дапамогай вярталі дзяўчын, выдумлялі адмазкі ў школе. І тут з’яўляюцца такія моцныя песні, як у Кабэйна: там шмат падтэкстаў, незразумеласцей для нас. А беларус павінен гаварыць, як бабуля казала: не толькі словы, а і вымаўленне, гэтыя фанетычныя асаблівасці, тон. Я раблю толькі так, і ўвесь мой досвед кажа, што так і трэба.

get_img?ImageId=39973

Якім вы бачыце зараз свайго слухача? Гэты былыя прыхільнікі N.R.M., ці вы шукаеце новых случачоў?

Мы шукаем новых. Бо наша былая публіка была вельмі маладой. Нашы тэксты пасталелі, гэта зварот да больш сталых людзей. Але я ўпэўнены, што калі малады чалавек паслухае нашы песні, ён зразумее, што яны пра яго.

Старая публіка страціла актыўнасць, яны абраслі сем’ямі, працамі, сядзяць па хатах. Яны не цікавяцца музыкай, а калі выказваюцца, кажуць, што “N.R.M. ужо не тот”. Але гэта таму, што яны ўжо не слухалі новы N.R.M. Той, хто паслухаў, ведае, што той, нават лепшы. У Віцебску ў мяне на грудзях плакаў чалавек дарослы, амаль саракагадовы. Ён казаў: "Я думаў, што ўсе. Ад безвыходнасці пачаў слухаць "Акеан Эльзы" і "Ляпіс Трубяцкі". А на канцэрце набыў два дыскі і сказаў, што зноў пачынае слухаць N.R.M. Для мяне гэта быў найвышэйшы камплімент.

Мы накіраваны на маладую аўдыторыю, бо яна актыўная. Гэта музыка энергічная, гармонаствараючая.

А як вы адносіцеся да людзей, якія прыходзяць і гавораць: “А ну-ка, “Тры чарапахі” нам сыграй”?

— Нармальна. Я сам калісьці прыйшоў на канцэрт Nazareth у Мінску, а яны прывезлі новы альбом. Я быў проста расчараваны. Я так хацеў паслухаць тое, што слухаў у дзяцінстве. А калі прыйшоў на AC/DC і  Mеtallica, яны гралі адны хіты. Калі N.R.M. грае зараз, мы іграем новы альбом і ўсе хіты, а пасля на біс. Граем доўга. А як гэта — прыйсці на N.R.M. і не заспяваць “Тры чарапахі”? Абавязкова граем і “Тры чарапахі”, і “Паветраны шар”, і “Песні пра каханне”. Проста да гэтага дадаўся новы альбом. Бо інакш мы ператворымся ва ўласны кавер-гурт. Мы жывыя. І ў добрай творчай форме.

Нармальна. Я сам калісьці прыйшоў на канцэрт Nazareth у Мінску, а яны прывезлі новы альбом. Я быў проста расчараваны. Я так хацеў паслухаць тое, што слухаў у дзяцінстве. А калі прыйшоў на AC/DC і  Mеtallica, яны гралі адны хіты. Калі N.R.M. грае зараз, мы іграем новы альбом і ўсе хіты, а пасля на біс. Граем доўга. А як гэта – прыйсці на N.R.M. і не заспяваць “Тры чарапахі”? Абавязкова граем і “Тры чарапахі”, і “Паветраны шар”, і “Песні пра каханне”. Проста да гэтага дадаўся новы альбом. Бо інакш мы ператворымся ва ўласны кавер-гурт. Мы жывыя. І ў добрай творчай форме.

Алена Кавальчук, www.t-styl.info

Здымкі Kate Lisitsa Photography