Пластыкавы апакаліпсіс у новым кліпе IOWA
Новая кампазіцыя IOWA — пра людзей, якія асвятляюць праблемы, прымаюць рашэнні, бяруць на сябе адказнасць і робяць усё, каб выправіць праблему тут і зараз!

Гурт IOWA сёння прэзентаваў кліп на новую песню «Маякі», у якім сышліся абноўленае гучанне і пранізлівы відэашэраг пра забруджванне навакольнага асяроддзя.
Рэжысёр Уладзімір Бяседзін, які раней працаваў з гуртом над кліпам «Б’е біт», запрапанаваў зняць відэа, дзе героі з ілюзорнага свету трапляюць у рэальнасць. Мы бачым завязаныя вочы, як сімвал ружовых акуляраў, праз якія дзіцё і дарослыя глядзяць на сусвет. І што атрымліваецца, калі гэтую павязку зняць.

«Песня «Маякі» літаральна ўпала на нас у самы разгар барацьбы за Байкал. Мая падпісчыца папрасіла падпісаць петыцыю за закрыццё заводу на Байкале, чым натхніла мяне на песню пра людзей, у якіх я веру! Пра людзей, якія асвятляюць праблемы, прымаюць рашэнні, бяруць на сябе адказнасць і робяць усё, каб выправіць праблему тут і зараз!» — узгадвае Каця Іванчыкава.
Каб паказаць атмасферу глабальнага апакаліпсіса, у павільёне кінастудыі «Ленфільм» пабудавалі дэкарацыі экалагічнай катастрофы. Цягам трох дзён удзельнікі IOWA разам з мастаком-дэкаратарам Ксеніяй Цэль збіралі пластыкавыя пляшкі і бляшанкі па сябрах і знаёмых. А калі і гэтага апынулася недастаткова, набылі яшчэ 80 кілаграмаў смецця. Усе адходы пасля здымак наноў адсартавалі і здалі на перапрацоўку.

Гэтае відэа — толькі пачатак вялікага шляху. IOWA ўжо далучыліся да ініцыятывы Greenpeace, якая мае мэтай дамагчыся забароны выкарыстання аднаразовага пластыку на заканадаўчым узроўні.
У дыска-племені IOWA на 2020 год вялікія планы. Зараз гурт працуе ў студыі над запісам новых песень, якія музыкі плануюць паказаць публіцы ўжо ў лютым.
Паводле прэс-рэлізу