Прысвячэнне Янку Купалу — на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы

На XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу дэманструецца экспазіцыя “У краіну гор і бурных рэк…”, падрыхтаваная вядучым навуковым супрацоўнікам  Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галінай Варонавай па матэрыялах з фондаў музея і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.



kupala_armienia_14_logo.jpg

Аўтар выставы Галіна Варонава

У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ аўтар экспазіцыі распавяла, што выстава — часткай міжнароднага праекту “Янка Купала. У дыялогу культур” і прысвечаная ўнёску народнага паэта Беларусі ў развіццё беларуска-армянскіх культурных сувязяў, творчым стасункам Янкі Купалы з армянскімі літаратарамі Наіры Зар’янам, Марыэтай Шагінян і Гургенам Маары. Дарэчы, экспазіцыя адмыслова падрыхтаваная да XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, ганаровым госцем якой з’яўляецца Арменія.

kupala_armenja_1_logo.jpg

Янка Купала сваё жыццё і творчасць прысвяціў нацыянальнаму адраджэнню Бацькаўшчыны. Яго паэзія адкрывала свету Беларусь, а сам паэт як народны дыпламат прадстаўляў сваю Радзіму ў землях іншых народаў.

“У вашу краіну гор і бурных рэк, вінаградных садоў і крыштальных ручаёў мяне паслаў народ краіны глухіх лясоў і ціхіх рэк”, — гэтымі словамі ў Ерэване прывітаў Янка Купала ўдзельнікаў VII пленуму праўлення Саюзу пісьменнікаў СССР падчас святкаванняў 1000-годдзя армянскага народнага эпасу “Давід Сасунскі”, што адзначаліся ў верасні 1939 года. Янка Купала, які ажыццявіў пераклад на сучасную беларускую мову “Слова пра паход Ігара”, адзначыў, што славянскі і армянскі эпасы збліжаюць ідэі змагання народа за сваю свабоду, яднання людзей у час небяспекі дзеля абароны роднага краю.

Падчас сваёй адзінай вандроўкі ў Арменію Янка Купала ў складзе беларускай пісьменніцкай дэлегацыі наведаў пячорны манастыр Гегард — славуты духоўны, культурны і адукацыйны цэнтр, заснаваны ў IV ст., калі хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй Арменіі. Сярод яго рэліквій была і дзіда рымскага сотніка Лангіна, якой, згодна Евангеллю ад Яна, быў забіты Ісус Хрыстос. На шляху дэлегацыі быў Эчміядзін — старажытны цэнтр армянска-грыгарыянскай царквы; крэпасць Гарні — летняя рэзідэнцыя армянскіх цароў, заснаваная каля ІІІ—ІІ ст. да н. э., дзе, побач з сярэднявечнымі святынямі, захаваліся руіны антычнага храма Мітры (І ст.  н. э.); месца археалагічных раскопак горада Дзвін, вядомага з IV ст. і разбуранага татара-манголамі ў XIII ст. Рэшткі Дзвіна яскрава засведчылі дзяржаўную веліч сталіцы Вялікай Арменіі. Янка Купала быў захоплены ўзорамі выключнага майстэрства армянскіх каменярэзаў, увасобленага ў гэтых бліскучых помніках нацыянальнага дойлідства, два з якіх — Гегард і Эчміадзін — унесены ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

kupala_armenja_2_logo.jpg

Дарэчы, у 1960-я гады супрацоўнік Купалаўскага музея Ілля Клаз здзейсніў вандроўку “Армянскім шляхам Янкі Купалы”, у выніку якой узгадаў гісторыю аднаго здымку Янкі Купалы, які Пясняр падарыў Гургену Маары пад час іхняй сустрэчы ў Мінску ў 1936 годзе, а таксама зрабіў копію гэтага здымку, апублікаванага на старонках штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. І хоць сяброўства творцаў не мела працягу, бо ў верасні 1936 году Гурген Маары быў рэпрэсаваны, у ягонай памяці засталася адзіная сустрэча з Песняром, зафіксаваная у светлых ўспамінах армянскага пісьменніка.

kupala_armenja_3_logo.jpg

На выставе таксама прадстаўлены тэксты ўспамінаў пра сустрэчу з Песняром Марыэты Шагінян і Наіры Зар’яна.

Выстава працуе па 14 лютага. У другой палове году плануецца паказаць яе ў Ерэване, каб узнавіць Купалаў шлях на армянскай зямлі.