Самая «Смачная кніга» (фота)
У мінскай бібліятэцы імя Цёткі 12 мая адбылася прэзентацыя кнігі Аксаны Спрынчан «Смачная кніга». Прэзентацыя дакладна стала самай незвычайнай і крэатыўнай па сваёй праграме і форме падачы, сапраўднай тэатральнай дзеяй.

«Смачная кніга» — гэта надзвычай прыгожа аформленая кніга вершаў на беларуская мове для дзяцей маладой беларускай паэтэсы Аксаны Спрынчан.

Вядоўцы вечарыны Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан
Умоўна кнігу можна назваць вершаванай кулінарнай энцыклапедыяй. Праўда, яна не раскрывае сакрэты прыгатавання страў, але настолькі прыгожа распавядае пра беларускія стравы, дранікі і верашчаку, смачную гарбату з зёлак і ласункі для дзетак — шакаладкі, мармелад, марозіва, што на галодны страўнік чытаць часам проста немагчыма. Пасля прачытання ўзнікае жаданне ўсёй сям’ёй пайсці пасядзець пры той гарбатцы з торцікам, пра якія апавядаецца ў вершах. Чакаюць дзетак і рыфмаваныя загадкі на смачныя кулінарныя тэмы і спатканне з малымі нашымі сябрамі — хамячкамі і вожыкамі, рыскамі і вавёркамі, бабрамі, а таксама птушкамі, багоўкамі, жабкамі… І ўсё гэта з прыгожымі малюнкамі таленавітай мастачкі Вольгі Максімовіч. Кожны вершык у неверагодным казачным афармленні.

Вольга Максімовіч

Віншаванне маладых - Вольгі Максімовіч і яе абранніка смачнымі беларускімі вясельнымі пажаданнямі
Аксана Спрынчан узначальвае літаратурна-музыкальны салон — Паэтычны тэатр «Арт.С», які з’яўляецца ў нечым унікальнай з’явай на нашай культурнай прасторы. Надзвычай крэатыўнай атрымалася і прэзентацыя новай кнігі. Пачнем з таго, што ніводная прэзентацыя беларускай кнігі дагэтуль не суправаджалася прыгатаваннем на вачах гледачоў страў беларускай кухні. А цяпер уявіце яшчэ, што ўсё гэта адбывалася не дзе-небудзь, а ў чытальнай зале сапраўднай бібліятэкі.

Аўтарка кнігі Аксана Спрынчан
Шкваркава-каўбасную беларускую мачанку гатаваў на вачах ва ўсіх паэт і філолаг Юрась Пацюпа, супрацоўнік Акадэміі навук. Тыя, хто добра яго ведаюць, могуць яго смела назваць не толькі мовазнаўцам, але і сапраўдным знаўцам беларускай кухні. Усе жадаючыя маглі па прыгатаванні паспрабаваць яго кулінарны шэдэўр.

Юрась Пацюпа за прыгатаваннем мачанкі
А дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская прыгатавала спецыяльна для прэзентацыі смачны рыбны пірог.

Наталля Бучынская
Не толькі гэта стала адрозненнем ад іншых кніжных прэзентацый. Вечарына, прысвечаная «Смачнай кнізе», стала, верагодна, і самай працяглай. Бо расцягнулася больш чым на тры з паловай гадзіны. Сапраўдная тэатральная дзея, толькі без антракту. Бо шмат выступоўцаў пажадалі выступіць на прэзентацыі Аксаны Спрынчан.

Алег Грушэцкі

Былі і смачныя гісторыі, загадкі і вершы, музычныя выступы. Як заўсёды на вечарынах паэтычнага тэатра «Арт.С» за музычнае суправаджэнне адказваў бард Яраш Малішэўскі. Але парадавалі слухачоў сваімі песнямі паэт і бард Серж Мінскевіч, пісьменніца Людміла Шчэрба, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан.

Серж Мінскевіч

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан
Характэрнай рысай вечарыны было тое, што кожны з выступоўцаў абраў для сабе страву, з якой ён сабе больш атаясамляе — бульба, варголы з нішчымніцай, верашчака, кілька, глінтвейн, кава, калдуны, кіслая капуста, марозіва, торт, цукеркі, шампанскае «Брут».

Людміла Шчэрба
Вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская пайшла нават далей, у цікавай форме распавёўшы, якія традыцыі застолляў панавалі на шляхецкіх балях у слаўныя часы Рэчы Паспалітай.

Людміла Рублеўская
Чакаў Людмілу Рублеўскую і сюрпрыз. Рэгіна Багамолава, дырэктарка бібліятэкі і ганаровы лаўрэат літаратурнай прэміі «Блакітны Сьвін — 2017», уручыла Людміле Рублеўскай, як заснавальніцы прэміі, блакітную свінку, якую можна ў будучым выкарыстоўваць у якасці пячаткі, і напоўненую адпаведна традыцыі прэміі 100 манетамі.

Уручэнне Людміле Рублеўскай блакітнай свінкі
Паэт Віктар Шніп зачытаў верш, адмыслова напісаны да вечарыны.

Віктар Шніп
Чакалі гасцей цікавыя конкурсы і загадкі на кулінарныя тэмы, са смачнымі падарункамі. Жадаючыя, якім ледзьве хапіла месца ў чытальнай залі, мелі магчымасць набыць саму кнігу з аўтографам аўтара і мастака выдання.

На прэзентацыі «Смачнай кнігі» выступілі Таццяна Будовіч-Барадуля, Наталля Бучынская, Алег Грушэцкі, Анатоль Зэкаў, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Серж Мінскевіч, Юры Пацюпа, Людміла Рублеўская, Антаніна Хатэнка, Віктар Шніп, Людміла Шчэрба.
Фота Алега Грушэцкага і Васіля Кузьмічкіна