Сяргей Жадан прэзэнтаваў відэа на песню «Рок-музыкант» гурта «Мроя»

Ролік на песню, запісаную для праекту Global Reload, зняты падчас туру ўкраінскага гурта ў лістападзе 2015 года.



zhadan13_6g7gb.jpg

Даўні хіт гурта «Мроя» з'явіўся ў рэпертуары ўкраінцаў летась. Менавіта «Рок-музыканта» Сяргей Жадан вырашыў перакласці з беларускай на ўкраінскую ды заспяваць разам з гуртом «Собаки в космосі».

Каб падкрэсліць сваю павагу да арыгіналу, пры канцы кампазіцыі Сяргей пяе па-беларуску. «Гэта песня мужчын, якія ведаюць, што яны хочуць рабіць, упэўнена трымаюцца ў жыцці і маюць, што адказаць на любыя закіды датычна сваёй жыццёвай пазіцыі», — гэтак успрыняў топавы ўкраінскі літаратар і спявак твор Лявона Вольскага ды Уладзі Давыдоўскага, напісаны 27 гадоў таму

Кампазіцыя настолькі добра ўпісалася ў сэт-ліст харкаўскага гурта, што ён яе стаў выконваць на кожным канцэрце. У лістападзе 2015 года музыкі мелі тур па Украіне (Харкаў–Днепрапятроўск–Вінніца–Ужгорад–Луцк), кадры з якога і ўвайшлі ў відэа. Рэжысёрам мантажу стала Ганна Перапяліца.

Кампазіцыя «Рок-музыкант» была запісаная для праекту Global Reload, які задумалі партал Tuzin.fm разам з грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». 

tuzin.fm