Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя
У канцы 2015 года ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў дыск, якога ўжо даўно чакалі тыя, каго цікавяць беларуская мова і літаратура ХІХ стагоддзя.
“Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.”, створаны ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук (аўтар-складальнік Н.М. Сянкевіч), уяўляе сабой комплекс слоўнікаў, складзеных на аснове поўнага корпуса тэкстаў беларускай літаратуры гэтага перыяду. Корпус уключае практычна ўсе творы мастацкай літаратуры, напісаныя ў ХІХ ст. на беларускай мове, якія захаваліся да нашага часу. Пераважная большасць тэкстаў з’яўляюцца аўтэнтычнымі, і, што асабліва каштоўна, яны пададзеныя ў канкардансе ў амаль нязменным выглядзе: транслітарацыя з лацінскага алфавіта на кірылічны і мінімальнае рэдагаванне тэкстаў не закранулі характэрных асаблівасцяў мовы іх аўтараў.
Комплекс слоўнікаў, складзеных на аснове тэкстаў, уключае ўласна канкарданс (даведнік, у якім кожнае словаўжыванне тэксту суправаджаецца тэкставай ілюстрацыяй і звесткамі пра яго частату і месцазнаходжанне), паказальнік слоў, 6 частотных слоўнікаў і адваротны слоўнік. Акрамя слоўнікаў і тэкстаў твораў, “Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.” змяшчае два розных па змесце і па форме падачы матэрыялу спісы тэкстаў, якія уяўляюць сабой сістэматызаваны бібліяграфічны даведнік беларускамоўнай мастацкай літаратуры гэтага перыяду.
Агульны канкарданс дапоўнены некалькімі аўтарскімі канкардансамі: В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, К. Каганца і К. Каліноўскага.
Ва ўводзінах да канкарданса аўтары даюць вычарпальную інфармацыю аб корпусе тэкстаў і слоўніках, прапаноўваюць аптымальны спосаб карыстання даведнікам.
“Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.” з’яўляецца ўнікальным праектам, які ўпершыню ажыццёўлены ў беларускай лексікаграфіі. Спецыялісты ў розных галінах мовазнаўства атрымалі вельмі зручны даведнік, які забяспечыць іх рознабаковай, даступнай і, галоўнае, аб’ектыўнай інфармацыяй аб беларускай літаратурнай мове на этапе яе станаўлення, які з-за адсутнасці дастатковага фактычнага матэрыяла застаецца адным з найменш даследаваных перыядаў у гісторыі беларускай мовы.
Не менш карысным будзе канкарданс для літаратуразнаўцаў, а таксама для шырокага кола чытачоў, якія атрымалі доступ да багатай скарбніцы твораў беларускай мастацкай літаратуры ХІХ стагоддзя.