Сёння ў праекце «Артысты перамогі» выступіць Сяргей Башлыкевіч
У суботу 15 траўня з «хатнім» канцэртам выступіць музыка Сяргей Башлыкевіч, які летась стаў вядомы гумарыстычнымі песнямі на актуальную тэматыку.
Ён заспявае лірычныя песні, якія разбавіць фірмовым
ашмянскім гумарам ды перакладамі Джо Кокера і Боба Дылана на беларускую. Яшчэ
адна адметнасць гэтай акустычнай праграмы — песня Максіма Знака і песні на
вершы Анатоля Сыса і Юлія Таўбіна, піша арганізатар фэсту — Беларускі фонд
культурнай салідарнасьці.
Сяргей Башлыкевіч вядомы таксама як лідэр гурта Leibonik,
які сёлета выпусціў дэбютны альбом.
Пачатак канцэрту а 20-й гадзіне.
З дапамогай канцэртаў «Артысты перамогі» ўдалося сабраць
грошы на некалькі праектаў, напісаў кіраўнік Беларускага фонду культурнай
салідарнасці Сяргей Будкін.
Дзякуючы выступу Зміцера Вайцюшкевіча, сабралі грошы на
аперацыю для адной звольненай за пазіцыю акторкі, у якой на фоне стрэсу пачалі
выпадаць валасы.
Дзякуючы выступу Пятра Клюева — на гастролі ў некалькіх
беларускіх вёсках лялечнага тэатру.
Сабраныя падчас канцэрту Алега Хаменкі грошы пайшлі жонцы і
малым дзецям беларускага фатографа, які адбываў арышт, а яны засталіся бяз
сродкаў на існаванне.
Сыгралі NRM — і дапамаглі запісаць новую песню і зняць
кліп іншаму гурту, удзельнікі якога прайшлі праз Акрэсціна.
«Сёння ў нас выступае Сяргей Башлыкевіч. І дзякуючы гэтаму
выступу можа зьявіцца відэаверсія пастаноўкі паводле аднаго з твораў Эжэна
Янэска, які рыхтуе група звольненых беларускіх актораў. Сродкі, сабраныя з
трансляцыі, пойдуць на падрыхтоўку і здымкі спектаклю», — напісаў Будкін.
Фэст «Артысты перамогі» ладзіць Беларускі фонд культурнай
салідарнасьці ў гонар музыкаў, якія працягваюць праводзіць канцэрты, нягледзячы
на пераслед. Шэраг музыкаў адбылі суткі арышту за дваровыя канцэрты.
Сёння ж у Мінску пройдуць два канцэрты ў традыцыйным
фармаце.
А 19-й фальклорнае этна-трыё «Троіца» выступіць у Палацы
культуры на Ўральскай вуліцы.
А 20-й гурт «Астроўна» заграе архаічныя традыцыйныя песні і мелодыі ў касцёле Святога Роха.
Паводле «Свабоды».