“Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця…”. Музей Максіма Багдановіча запрашае на імпрэзу
Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў межах святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 35-годдзя з дня заснавання музея запрашае на імпрэзу “Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця…”. Запрашаем 1 красавіка 2016 года а 17-й гадзіне.
Максім Багдановіч
Сёлета мы адзначаем 35 гадоў з дня заснавання Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Хто зможа адказаць на пытанне — гэта многа ці мала? Напэўна, істотнай тут будзе не згаданая лічба, а маштаб зробленага на ніве багдановічазнаўства.
35-годдзе музея — гэта нагода пэўным чынам падсумаваць зробленае, згадаць часы сталення і росквіту. За гады руплівай працы Літаратурны музей Максіма Багдановіча стаў сапраўдным цэнтрам па зборы, захаванні, вывучэнні і папулярызацыі творчай спадчыны самага маладога генія беларускай літаратуры.
Але наша плённая дзейнасць была б немагчымая без прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча і сяброў музея, якія не толькі наведваюць імпрэзы, вечарыны і навуковыя форумы, але дапамагаюць у зборы матэрыялаў для фондаў.
Падчас вечарыны каштоўныя падарункі да дня нараджэння Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ўручаць Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству, Мікола Трус, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДТУ, аўтар манаграфіі, прысвечанай класіку беларускай літаратуры.
Для нас выступяць Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук, адзін з самых шчодрых фондастваральнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Навум Гальпяровіч, паэт, галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё, Міхась Пазнякоў, першы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Валянціна Бяляўская, адзін з першых галоўных захавальнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Запрашаем і вас далучыцца да музейнага свята!
Імпрэза адбудзецца 1 красавіка 2016 года а 17-й гадзіне ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а)
Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча