Сяргей Дубавец. Цяжка быць Нілам Гілевічам
Калі ты адбыўся ў адной і другой эпосе, а тут прыйшла трэцяя, а твой век ужо не пакінуў табе моцы, каб адбыцца і ў ёй — як важна не схібіць. Заставацца прынамсі тым, кім цябе ведаюць, а калі яшчэ й тым лепшым — надзвычай няпроста.
![dubavec1.jpg dubavec1.jpg](/img/v1/news/full/dubavec1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Дубавец / svaboda.org
Мы шмат спрачаліся — пра савецкую літаратуру, і я адступаў; пра тарашкевіцу, і ён пісаў мне, што ён толькі за, але ж абставіны; пра аднаўленне «Нашай Нівы» — ён казаў «не трэба чапаць помнік», а пасля бараніў газету перад судамі, і ягонае імя ў справе было важкім аргумэнтам. Увесь час я меў адчуванне, што мы нібы на тэнісным корце, нішто не застаецца незаўважаным і неадрэагаваным з «таго боку».
Мы з сябрамі па-блюзнерску пасьмейваліся з ягонага вялізнага збору твораў у адным экзэмпляры, а наконт аўтарства «Лысай гары» я й цяпер лічу, што ён зрабіў ход на развянчаньне твору, бо ананімная паэма, нават калі гэта проста капуснік, можа стаць і стала легендарнай, а проста паэма Гілевіча — проста капуснік. Ці згадаць наезды на Сямёна Букчына (які «букчыць») без ніякай, на маю думку, сур’ёзнай прычыны… Але ўсё, што было — было.
Я ведаў і ведаю нямала людзей, якія ў старасці, на сыходзе касуюць свой вобраз і ўсю здабытую за жыццё вагу недарэчнымі словамі ці ўчынкамі. Калі чалавек ужо страціў пэрспектыву і цікавасьць да жыцця і з усіх астатніх сіл пачынае змагацца з тым, што жыве і яшчэ застаецца жыць. Прычым бачна, што гэтая ці то зайздрасьць ці то помста мацней у чалавеку за ўсё іншае, мацней за наркотык, за гіпноз, за анестэзію. Ён нават разумее, што руйнуе свой уласны даробак праз усё жыццё, але нічога зрабіць ня можа. Проста нянавісць легла яму лінзамі на зрэнкі.
І ёсць шмат прыкладаў, калі творца сыходзіць гэтаксама непрыкметна, як жыў. Ты іншага і не чакаеш, бо чалавек, да прыкладу, пісаў яркія кнігі, але ніколі не быў аж нагэтулькі «на віду», каб аж нагэтулькі бурна пакідаць гэты свет. І калі адбываецца збой, застаецца прыкрасць і магічнае імя творцы страчвае для цябе сваю прыцягальнасць.
Ніл Гілевіч заўсёды быў у цэнтры, у тым ліку і ў цэнтры канфліктаў ды інтрыг, якія, зрэшты, і адбываюцца ў цэнтры. І таму гэтак моцна ўражваюць ягоныя паводзіны ў старасці. Замірэнне з усімі і ўсім, забыццё тых канфліктаў і інтрыг. Нейкая вышняя дабрыня запанавала вакол яго і ягонага імя апошнія гады. Не думаю, што гэта было нейкім падарункам лёсу. Думаю, усё ж гэта было ягонае валявое рашэнне, найлепшае з магчымых.
Гадамі існаваць у адзіноце і нямогласці, у зусім незразумелым табе змененым сьвеце, не мець ані шанцу запанаваць у гэтым свеце, як ты гэта лёгка рабіў у маладосці і сталасці, і пры гэтым проста падабрэць да ўсіх… Наш беларускі мужчына на сыходзе звычайна ятрыцца і выгаворвае ўсім і ўся «ўсё, што ён пра іх думае», чым толькі памнажае жаданьне навакольных хутчэй пахаваць яго і забыць.
Тое, што я ведаю пра Гілевіча — не правіла, а выключэнне з правілаў паводзін беларускіх мужчын на сыходзе, асабліва — амбітных і таленавітых людзей. Выключэнне, якое выклікае павагу.