Топ-10 фільмаў пра Космас. Калі хочацца апынуцца далёка ад Зямлі

Добра там, дзе нас няма. Яшчэ лепш — недзе там, за аблокамі. Падрыхтавалі спіс лепшых фільмаў пра касьмічныя падарожжы, каб вы маглі адпачыць ад рэчаіснасьці і ўрэшце захацелі ў яе вярнуцца.

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Падарожжа на Месяц (Le Voyage dans la lune). 1902

le_voyage_dans_la_lune.jpg

Гэта самы стары і самы кароткі фільм зь ліку ўсіх нашых падборак. Жорж Мелье 121 год таму зьняў чароўныя 15 хвілінаў пра тое, аб чым чалавецтва марыла тысячагодзьдзямі. Не палянуйцеся знайсьці гэтую стужку. Зусім нядаўна, дарэчы, адшуканая поўная вэрсія шэдэўра раньняга кінематографу, якая яшчэ і была расфарбаваная рукамі. Уяўляеце? Атрымаўся каляровы фільм, кожны з кадрах якога (а іх, нагадаем 24 за сэкунду) быў апрацаваны фарбамі.

За 70 гадоў да сапраўднага трапленьня чалавека на Месяц працэс уяўляўся больш простым — было вырашана даслаць чалавека на спадарожнік Зямлі стрэлам з гарматы. Прыемнага прагляду! 

Нумар 9. Сонечны бляск (Sunshine). 2007

sunshine.jpeg

Адразу пераскокваем на сто гадоў, і кінематограф, як і засваеньне космасу, зрабілі істотны прарыў. Стужка Дэні Бойла знаёміць нас з праблемай, аб якой навукоўцы кажуць ужо вельмі працяглы час. Усе мы чулі, што праз мільярды і мільярды гадоў нашае сонца пачне паступова затухаць. А што калі гэта адбудзецца амаль заўтра?

У 2057 годзе касьмічны карабель у складзе 16 чалавек скіроўваецца на самую адважную місію ў гісторыі чалавецтва. Каб перадухіліць згасаньне сонца, было вырашана перазапусьціць яго праз ядзерны выбух. Каманда зямлянаў паспрабуе выратаваць сваю плянэту, і нечакана знойдзены экіпаж мінулай місіі, якая зьнікла ў космасе за некалькі гадоў перад імі. Захапляльны фільм. 

Нумар 8. Пасажыры (Passengers). 2016

passengers.jpg

Джэніфэр Лоўрэнс і Крыс Прат знаходзяцца сярод пяці тысячаў пасажыраў касьмічнага карабля, які ляціць у далёкую новую плянэту, каб чалавецтва магло захавацца пасьля катастрофы на Зямлі. Ляцець доўга, таму ўсе пасажыры пагружаныя ў глыбокі сон. А каб гледачы фільма не заснулі — зьнянацку двое галоўных герояў прачынаюцца. Першае што яны разумеюць — гэта тое, што да фінальнага месца застаецца ляцець каля 90 гадоў.

Такое сабе разуменьне, згадзіцеся. Стваральнікі фільма прыдумалі для іх разнастайныя прыгоды і сутыкненьні з небясьпекай. Не абыйшлося і без рамантычнай гісторыі, ну а як жа. 

Нумар 7. Забароненая плянэта (Forbidden Planet). 1956

forbidden_planet.jpg

Гэтая стужка стала прарывам у кінематографе. Гэта быў першы навукова-фантастычны фільм, які паказвае людзей, якія падарожнічаюць на створаным імі зоркалёце хутчэй за сьвятло. Ён таксама быў першым, дзеяньне якога адбываецца на іншай плянэце ў міжзоркавай прасторы, далёка ад Зямлі.

Справа адбываецца на далёкай плянэце, насельнікі якой з зямлі доўгі час не выходзяць на сувязь. Экіпаж, які вылецеў, каб даведацца аб прычынах гэтага, знаходзіць на плянэце толькі дваіх выжылых – прафэсара і яго маладую дачку. Усе іншыя былі зьнішчаныя па невядомай прычыне. З новым экіпажам пачынаюць таксама адбывацца дзіўныя рэчы. У адной з галоўных роляў — знакаміты ў будучыні комік Лэсьлі Нільсэн

Нумар 6. Зорныя войны (Star Wars). 1977

star_wars_1.jpg

Лепшыя фільмы пра космас не маглі абысьціся без гэтай легендарнай франшызы. Мы ўключылі ў спіс самы першы эпізод, які пабачыў сьвет. Але калі вы яшчэ не пачыналі глядзець, нагадаем — ён мае чацьверты парадкавы нумар у храналёгіі Зорных войнаў. Тое, што адбывалася да падзеяў гэтай стужкі, было зьнятае Джорджам Лукасам на мяжы тысячагодзьдзяў, а тое, што пасьля трох першых фільмаў — у 2015 годзе.

Можна заблытацца, да таго ж фаны Зорных войнаў у прыблізна роўнай прапорцыі падзяляюцца на тых, хто заахвочвае глядзець стужкі па чарзе як іх стварэньня, так і па нумарацыі эпізодаў.

Люк Скайуотэр, Дарт Вэйдэр, Обі Ўан Кенобі, Хан Сола, робаты — героі гэтых фільмаў вядомыя нават тым, хто яшчэ не знаёмы з сюжэтам. Абыдземся без спойлераў — выдатная касьмічная сага здолее распавесьці пра сябе сама. 

Нумар 5. Марсіянін (The Martian). 2015

the_martian.jpg

Грандыёзная стужка Рыдлі Скота перамагла на прэміі Залаты Глёбус у намінацыі лепшы фільм (камедыя альбо мюзікл). Гэта, верагодна, самае дзіўнае ўзнагароджаньне, бо ні камедыяй, ні тым больш мюзіклам гэты фільм не зьяўляецца.

Мэт Дэйман і Джэсіка Чэстэйн выконваюць галоўныя ролі ў гэтай карціне. Як чалавека, які ваяваў у Аўганістане называюць аўганцам, так і героя Мэта Дэймана, які быў у складзе экспедыцыі на Марс называюць марсіянінам. Праблема толькі ў тым, што праз няшчасны выпадак яго пакідаюць на чырвонай плянэце. Спробы выжыць аднаму і праца па яго верагодным вяртаньні – зьяўляюцца асноўным сюжэтам стужкі. Бывае сумна, калі маці забывае сваё дзіцё ў краме, яшчэ больш сумна, калі чалавека забываюць на іншай плянэце. 

Нумар 4. 2001 год: Касьмічная Адысея (2001: A Space Odyssey). 1968

2001_a_space_odyssey.webp

Гэтая карціна прымусіла мільёны хлопчыкаў і дзяўчынак марыць пра тое, каб стаць астранаўтамі. Стэнлі Кубрык, які яе зьняў, трапіў у самую кропку — 1968 год, калі яна выйшла на экраны быў часам сапраўднага засваеньня космасу, з першымі палётамі, першымі людзьмі ў адкрытай прасторы космаса і падрыхтоўкай да палёту на Месяц.

І Кубрык таленавіта выкарастаў усеагульную цікавасьць у сваім шэдэўры. Мы бачым з чым сутыкаецца чалавецтва праз дзікае разьвіцьцё тэхналёгій, як сама чалавечая прырода распачынае працэс трансфармацыі. Чалавек у гэтым палёце за невядомым сутыкаецца з тым нябачным, магутным і небясьпечным, што задаецца пытаньнем — а ці не лепей было спыніцца на нейкім этапе імклівага разьвіцьця.

Стужка створаная даўно, але і сёньня выглядае сучасна. 

Нумар 3. Апалён 13 (Apollo 13). 1995

apollo_13.jpg

Фільм Рона Ховарда апавядае пра знакамітую місію астранаўтаў на Месяц у 1970 годзе. Місія, якая так і не даставіла новых людзей на спадарожнік Зямлі праз трагічныя падзеі.

Том Хэнкс і Кевін Бэйкан граюць адных з удзельнікаў экіпажа «Апалён-13». Прыгатуйцеся падтрымліваць астранаўтаў на працягу ўсяго фільма. Па дарозе выбух на борце пазбаўляе іх касьмічны карабель большай часткі кіслароду і электраэнэргіі, што прымушае дыспетчараў НАСА спыніць місію пасадкі на Месяц і ў рэжыме імправізацыі вынаходзіць навуковыя і мэханічныя рашэньні, каб бясьпечна даставіць астранаўтаў на Зямлю. 

Нумар 2. Чужы (Alien). 1979

alien_1.jpg

Вельмі моцны фільм пра выжываньне. Сігурні Ўівэр у ролі астранаўткі Рыплі задала эталён акторскага майстэрства ў стужках пра космас, які дагэтуль зьяўляецца арыентырам. Карціна Рыдлі Скота грае на жаху сустрэчы зь нечым жывым, але па-за зямнога паходжаньня. Грузавы касьмічны карабель, на якім вяртаецца на Зямлю гераіня Ўівэр, у сувязі з пэўнымі абставінамі становіцца месцам знаходжаньня тых самых страшэнных істотаў. Чужы забівае сябраў экіпажу, і Сігурні Ўівэр намагаецца спыніць іх, бо карабель няўхільна рухаецца да Зямлі.

Гэта страшэнны і ў вялікай ступені крывавы фільм распавядае пра глыбокую чалавечнасьць і гуманізм. Таму калі наважыліся глядзець, зрабіце гэта ў кампаніі надзейнага чалавека. Чужых будзе хапаць і на экране. 

Нумар 1. Інтэрстэлар (Interstellar). 2014

interstellar.jpg

Лідэр нашага сьпісу ўжо зьяўляецца клясыкай фільмаў пра космас. Крыстафэр Нолан у чарговы раз вырашыў стварыць і паглыбіць глядачоў у дзівосны клубок пераблытаных сусьветаў. Адзін дзень далёка па-за межамі Зямлі можа цягнуцца доўгія гады на нашай плянэце. Што калі адсюль трапіць за сьветлавыя гады туды, і заблытацца ў вяртаньні. Што будзе, калі твая справа займала імгненьне, а на Зямлі за гэты час прайшло ўсё жыцьцё?

Ці можна паспрабаваць перайначыць прастору і час? Ці можна вярнуцца назад, але як бы наперад? Фантастычны фільм з фантастычным акторскім складам. Вас будуць заблытваць і разблытваць Мэцью МакКонахі, Джэсіка Чэстэйн, Эн Хэтуэй.