Беларускія кінематаграфісты cтвараюць Беларускую незалежную кінаакадэмію

Арганізацыя мяркуе ўзяць на сябе задачу прасоўвання інтарэсаў незалежных кінатворцаў у тым ліку на міжнародных пляцоўках.

opera_snimok_2023_02_01_173120_variety.com.png


Як адзначаюць ініцыятары ідэі, думка стварыць аб’яднанне нарадзілася пасля пачатку вайны ва Украіне: тады больш за 130 беларускіх фільммейкераў падпісалі калектыўны стэйтмент з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Салідарнасць кінематаграфічнай супольнасці, дзе кожны ўсё яшчэ выступаў перад выклікамі паасобку, падштурхнула да стварэння інстытута, які здолее выступаць ад імя незалежных беларускіх кінааўтараў адным голасам.

«Пасля падпісання ліста наша салідарнасць стала пашырацца, і мы падумалі, што ў нас павінна быць кінаакадэмія — аб’яднанне прафесійных творцаў, якія разам прымаюць рашэнні і разам стаяць за сябе. Падобныя кінаакадэміі ў Еўропе існуюць не адзін дзясятак гадоў, і дзякуючы ім мы больш ведаем пра кіно іх краін. Нашая задача, каб мы лепш ведалі адно аднаго, і разам з тым, каб свет ведаў пра нас», — кажуць сябры ініцыятыўнай групы, што заснавала кінаакадэмію.

У ініцыятыўную групу ўваходзяць рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, кінаэксперт і фестывальны адборнік Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Цяпер кінаакадэмія прымае сябраў.

Аб’яднанне створана з улікам досведу кінаакадэмій іншых еўрапейскіх краін і ўжо атрымала падтрымку Еўрапейскай кінаакадэміі.

Паводле стэйтменту каманды, новае аб’яднанне павінна паспрыяць таму, каб голасам беларускай кінасупольнасці былі менавіта незалежныя кінематаграфісты. Кінаакадэмія такім чынам утварае альтэрнатыву кінааб’яднанням ад афіцыйнага боку і мяркуе мэтанакіравана лабіраваць беларускі незалежны кінематограф, пашыраць яго магчымасці, а таксама прасоўваць свабоду ад цэнзуры ды дзяржаўнага ціску.

Ідэю стварэння беларускай кінаакадэміі ўжо прывітаў генеральны дырэктар еўрапейскай кінаінстытуцыі Матэйc Ваўтэр Кноль. «Мы лічым стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі вельмі своечасовым і неабходным. Еўрапейская кінаакадэмія імкнецца спрыяць далейшай інтэграцыі незалежнага беларускага кіно ў агульнаеўрапейскую кінасупольнасць. Нашым беларускім сябрам патрэбна наша падтрымка ў Еўропе: мы дапаможам наладзіць кантакты з еўрапейскімі кінаінстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі. Неўзабаве мы прывітаем Беларускую незалежную кінаакадэмію ў якасці новага сябра Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэмій», — заявіў ён.

Афіцыйна арганізацыю прэзентуюць 17 лютага на Еўрапейскім фільммаркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю — у Producers & Projects Hub на галоўнай пляцоўцы EFM Martin Gropius Bau.

Там жа будуць прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў. На Еўрапейскім фільммаркеце, у гатэлі «Marriott», таксама будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, да якога далучыцца Леанід Каліценя як прадстаўнік Беларускай сеткі фільммейкераў.