“Тры сястры” па-беларуску (фота)

Гэта выстава трох сёстраў Піскун — Вольгі (зараз ужо Бычко), Сафіі і Валянціны у галерэі “Універсітэт культуры” ў Палацы Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы, якая працуе па 24 чэрвеня уключна.



Сёстры — прадаўжальніцы творчых традыцый бацькі, Юрыя Піскуна і маці, Алены Юр’евай.  Старэйшае пакаленне вядомае тым, што ўжо дзесяцігоддзі апранае ансамбль “Харошкі” і робіць рэканструкцыі гістарычных касцюмаў, у тым ліку для экспазіцый Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Маці і бацька – жывапісцы, кожны з адметным стылем. А Юры Піскун яшчэ і мастацтвазнаўца, лепшы спецыяліст па цудатворных абразах Маці Божай у Беларусі, які робіць копіі страчаных святыняў. Нядаўна скончыў рэканструкцыю Вістычскае Маці Божай для царквы ў аднайменнай вёскі ў Берасцейскім раёне.

Дочкі ўспадкаемілі ўсе бацькоўскія таленты. Усе трое скончылі спачатку Рэспубліканскую мастацкую гімназію-каледж імя Івана Ахрэмчыка, а потым і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе іх настаўнікамі былі такія вядомыя беларускія мастакі, як Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Савіч, Валянціна Сідарава, Іван Кліменка і іншыя.

Старэйшая, Вольга Бычко, пераважна жывапісец, пры гэтым у яе працах часам праглядаюць бацькоўскія, а часам матчыны стылёвыя матывы. Магчыма, калісці яна прыйдзе да абсалютна самастойнага почырку, але і сённяшнія працы спелыя і цікавыя.

Канчаткова і рашуча сфармавалася творчая лінія сярэдняй сястры, Сафіі. Яе вялікія афорты проста захапляюць вобразнай свабодай у спалучэнні з дбайнасцю ў дэталях, яны — кожная —вялікая і сур’ёзная праца. І ў дадатак, Сафія дасягнула дасканаласці і ў малых формах кніжнага экслібрыса.Плюс яна ж ілюструе дзіцячыя кнігі.

Нарэшце, малодшая Валянціна — сталы спец у галіне адраджэння народных касцюмаў і пераносу іх эстэтыкі ў касцюмы сцэнічныя. А таксама — жывапісец.

Засталося чатыры дні, але, паколькі галерэя месціцца ў цэнтры горада — заўсёды знойдзецца нагода наведаць выставу.