У «Галерэі Ў» спявалi на японскай мове: як прайшла прэм'ера фільма Хаяо Міядзакі па-беларуску
Увечары 27 ліпеня мінчукі бясплатна паглядзелі фільм на беларускай
мове. У межах праекта «Беларускія ўікэнды», створанага кампаніяй
«Кінаконг» пры падтрымцы velcom, у новай «Галерэі Ў» прайшоў спецыяльны
паказ фільма Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер». 28-29 ліпеня і 3-5 жніўня
паказы фільма пройдуць у кінатэатрах «Масква» і velcom cinema.
Бясплатны паказ фільма знакамітага японскага мультыплікатара сабраў больш за 100 гледачоў. Госці вечара пачулі ў фільме ўжо знаёмыя па іншых карцінах праекта галасы беларускамоўнай агучкі: у працы над «Падымаецца вецер» узялі ўдзел акцёры Святлана Цімохіна, Сяргей Жбанкоў, Павел Харланчук, Дзмітрый Бейнарт-Саладуха, тэлевядучы Яўген Перлін. Акрамя таго, на паказе прагучаў яшчэ адзін, асаблівы голас. Маладая спявачка Паліна Філіпава выканала на японскай мове галоўную тэму фільма Hikoukigumo, у перакладзе з японскага «Самалёт».
«Падымаецца вецер» – пакуль апошні скончаны фільм Хаяо Міядзакі. Упершыню ён быў прадстаўлены публіцы ў 2013 годзе на 70-м Венецыянскім кінафестывалі. У гэты ж кінасезон стужка атрымала прэмію Супольнасці кінакрытыкаў Нью-Ёрка і прэмію Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША за лепшы мультфільм года, трапіла ў асноўныя конкурсныя намінацыі прэмій «Оскар» (2014) і «Залаты глобус» (2014). У аснове фільма – успаміны самога Хаяо Міядзакі пра гады маладосці яго бацькоў, аповяд пісьменніка Тацуо Хоры «Вецер мацнее», а таксама верш французскага паэта Поля Валеры «Могілкі ля мора». Да «Падымаецца вецер» знакаміты мультыплікатар выпусціў стужку «Рыбка Поньё», якая таксама была прадстаўлена на беларускай мове ў межах праекта «Беларускія ўікэнды».
Фільм «Рыбка Поньё», а таксама іншыя агучаныя ў межах «Беларускіх уікэндаў» фільмы «Маленькі прынц», «Кніга Iлая», «Падынгтан» можна ўбачыць у спецыяльным раздзеле анлайн-ТБ voka. Раздзел называецца «cinevoka - кіно па-беларуску». У ім прадстаўлена 10 культавых стужак сусветнага кінематографа, у тым ліку анімацыйны фільм «Мае суседзі Ямада», меладрама «Гэта цудоўнае жыццё», вострасюжэтныя стужкі «12 раз’юшаных мужчын», «Кромвель», «Місія», «Каб скончыць войны». У бліжэйшы час стваральнікі дададуць у беларускамоўную калекцыю папулярны серыял з раздзелу AMEDIATEKA і некаторыя фільмы з пакета MEGOGO. Раздзел «cinevoka» даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA Відэа». Для абанентаў фіксаванага інтэрнэту velcom доступ да фільмаў бясплатны.
У межах праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў менскіх кінатэатрах. Сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Iлая», «Таямніца Келз», «Таемнае жыццё Ўолтара Міці», «Рыбка Поньё».
Цяпер калекцыю кіно на беларускай мове папаўняе кранальная стужка Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер». У шырокім пракаце гэты фільм можна будзе ўбачыць 28-29 ліпеня ў кінатэатры «Масква», а таксама 3, 4 і 5 жніўня ў кінатэатры velcom cinema сеткі Silver Screen. Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў.
Паводле прэс-рэлізу