У Мінску адбудзецца лекцыя лаўрэата Нобелеўскай прэміі Кенета Брокмана з паказам фільма «Кніга Ілая» на беларускай мове

Праект «Беларускія ўікэнды» запрашае на эксклюзіўную падзею. 22 верасня ў кінатэатры velcom cinema сеткі Silver Screen адбудзецца лекцыя атрымальніка Нобелеўскай прэміі Кенета Брокмана і паказ фільма «Кніга Ілая» на беларускай мове. Пераклад і агучка былі выкананыя кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom у рамках праекта «Беларускія ўікэнды».

afisza_22.09.jpg

Кенет Брокман у складзе каманды МАГАТЭ атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 2005 годзе як дырэктар па бяспецы ядзерных установак гэтай арганізацыі. Прэмія была ўручана за намаганні па прадухіленні выкарыстання атамнай энергіі ў ваенных мэтах і па забеспячэнні яе прымянення ў мірных мэтах у максімальна бяспечных умовах, што з’яўлялася непасрэднай сферай дзейнасці спадара Брокмана. Гэтай жа тэме будзе прысвечаная і яго лекцыя: вучоны будзе распавядаць пра небяспеку ядзернай зброі і пра тыя намаганні, якія прадпрымаюцца, каб ядзерны апакаліпсіс на Зямлі стаў немагчымы, а таксама пра ўжыванне ядзерных тэхналогій у мірных мэтах.
Акрамя таго, Кенэт падзеліцца сваімі разважаннямі пра фільм «Кніга Ілая», які чакае гледачоў пасля лекцыі.У ім прадстаўлена карціна сусвету, які перажыў атамную вайну. Свет навокал ператварыўся ў спаленую сонцам пустыню, людзі вядуць прымітыўнае жыццё і да смерці б'юцца за рэчы, якія раней лічыліся смеццем. Але галоўны герой Ілай не толькі памятае час да вайны, але і валодае кнігай, якая мае сілу выправіць становішча. Аднак гэтую сілу прагнуць здабыць і іншыя, і яны не спыняцца ні перад чым, каб завалодаць ёю…
Пачатак лекцыі і паказу – ў 17:00. Галоўныя ролі ў «Кнізе Ілая» выканалі Дэнзэл Вашынгтон, Гары Олдмен і Міла Куніс. Стужка справядліва лічыцца адным з яркіх прадстаўнікоў жанру постапакаліпсіс у кінематографе. На беларускую мову герояў «Кнігі Ілая» агучылі Павел Харланчук, Святлана Цімохіна, Зміцер Саладуха, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Уладзімір Глотаў.
Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы кампаніі velcom дае наведвальнікам кінатэатраў Мінска і іншых гарадоў магчымасць паглядзець вартыя ўвагі фільмы замежнай вытворчасці ў прафесійнай беларускамоўнай агучцы.
Паводле прэс-рэліза