У Мінску прайшла навуковая канферэнцыя аб рэпрэсіях — першая за дваццаць гадоў
Сваімі назіраннямі пасля канферэнцыі «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях», якая прайшла ў Мінску 17—18 лістапада, дзеліцца гісторык Антон Лявіцкі.
У параўнанні з Расіяй ці Казахстанам, не кажучы пра Украіну, у Беларусі сярод пануючай эліты захоўваецца цёплае стаўленне да савецкай мінуўшчыны. Яе «рамантызацыя» адбываецца ў тым ліку праз успрыманне рэпрэсій як прыкрага непаразумення.
Таксічны кантэкст афіцыйнай гістарычнай палітыкі акрэсліў Ігар Кузняцоў, нагадаўшы, што гэта першае за дваццаць гадоў навуковае мерапрыемства такога маштабу, прысвечанае рэпрэсіям.
За 23 гады ў Беларусі не абароненая таксама ніводная дысертацыя па тэме. Хоць савецкія рэпрэсіі ад канца 80-х знаходзяцца ў фокусе гістарычнай палітыкі ў Беларусі.
Думку, што рэпрэсіі ў СССР былі не выпадковасцю, а неад’емнай часткай савецкай сістэмы, абгрунтоўвала на канферэнцыі Таццяна Процька.
Канферэнцыя, сярод арганізатараў якой былі моладзевае аб’яднанне «Гісторыка», Архіў вуснай гісторыі, Польскі інстытут у Мінску, «Лятучы ўніверсітэт», Інстытут славістыкі ПАН, — сабрала ўдзельнікаў пераважна з Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі.
Не выпадае пераказаць нават найбольш цікавыя даклады. Таму ніжэй прапануем некалькі агульных сюжэтаў, якія прысутнічалі ў большасці дакладаў і дыскусіі.
Колькі было ахвяраў і як іх лічыць
Да гэтай пары захоўвае актуальнасць пытанне лічбаў, нягледзячы на тое, што яно было «арыфметычна» развязанае». Ігар Кузняцоў агучыў на канферэнцыі свае лічбы, якія выклікалі пэўнае ўзрушэнне ў аўдыторыі.
Пытанне маштабаў наўпрост звязанае з ужытымі паняццямі. Якія захады дзяржавы належаць да «рэпрэсій»? Як ставіцца да рэабілітацыі? Як працаваць з дыхатаміяй «кат-ахвяра»? Ці, магчыма, іх варта замяніць? У дыскусіі прагучала думка аб тым, што «парасонавым» азначэннем можа служыць «чырвоны тэрор».
Кідаецца ў вочы, што гэтыя лексічныя сродкі паходзяць з савецкай эпохі. Пра гэта ў дыскусіі казаў гісторык Аляксей Братачкін. На ягоную думку, палітычная акцыя канца 1980-х гадоў, мабілізаваная менавіта памяццю пра рэпрэсіі, не была антысавецкай. Гэта былі антысталінісцкія выступленні ў межах другой хвалі савецкай кіраванай дэсталінізацыі.
Цікава, аднак, што пра гэтыя моманты ўдзельнікі — і вучоныя, і практыкі — разважалі мала. Гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі мець на ўвазе, што санкт-пецярбургскі «Мемарыял» усю сваю трыццацігадовую дзейнасць схільны абагульняць як работу над удакладненнем паняццяў.
Памяць пра рэпрэсіі выцесніў Чарнобыль
Вітаючы канферэнцыю, Алесь Смалянчук адзначыў: арганізатары спрабавалі спалучыць вельмі розныя кірункі даследаванняў. Гэта класічная гістарыяграфія (засяроджаная на архіўнай рабоце), даследаванні памяці і «вусная гісторыя».
Вусная гісторыя ў Беларусі ўсё яшчэ застаецца праектам адзінак (хоць важныя імпульсы для ейнага развіцця дае памянёны архіў), што моцна кантрастуе з украінскай сітуацыяй. У дакладах гаворка ішла пераважна аб тым, што вуснагістарычныя наратывы найперш даюць магчымасць узнавіць агульны вобраз, «кан’юнктуру» гістарычнай падзеі.
Менская даследчыца Вольга Іванова ставіла пытанне аб тым, наколькі карэлююць звесткі пісьмовых крыніц і асабістай памяці. Але пераважная большасць дакладаў з вуснай гісторыі паказвала, як людзі ўспамінаюць экстрэмальны досвед 30-х.
Ніяк не падтрыманая афіцыйнымі ўстановамі, такая прыватная памяць часта аказвалася вельмі нестабільнай, «кароткай»: нават у адной сям’і факты рэпрэсій хуткі маглі сцерціся ў часе. З іншага боку, украінская даследчыца Ала Дзмітрыенка (Луцк) паказвала, што для многіх сведкаў досвед выжывання ў 30-я стаў адным з ключавых пунктаў аўтабіяграфіі. Толькі тыя, хто ў канцы 80-х перажыў «чарнобыльскае» адсяленне, — драматычнае крушэнне звычнага жыццёвага свету, — гэты новы досвед калектыўнай траўмы «выцесніў» 30-я.
Увогуле, вусная гісторыя выявіла вялікі патэнцыял што да збору цікавых, займальных эпізодаў («stories»). Яны, аднак, не так лёгка паддаюцца абагульненню ў вялікі наратыў («history»).
Аб'яднаныя рэпрэсіямі
Асаблівасцю канферэнцыі, якая адразу кідалася ў вочы, была «ўсходнееўрапейская» моўная палітыка. Удзельнікі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі прамаўлялі кожны ў сваёй мове.
Такое ўзаемнае суаднясенне моў пазначае супольнасць гістарычнага досведу гэтых краін. Савецкія рэпрэсіі, гвалт у межах камуністычнай сістэмы, аб’ядноўвае гэтыя вельмі розныя краіны. Найперш, безумоўна, як спецыфічны гістарычны досвед. Але таксама — як прадмет памяці і клопату гістарычнай палітыкі.
Алег Рэут у сваім дакладзе паказаў, як паводзіцца расейская (але, мусіць, наогул «постсавецкая аўтарытарная») дзяржава, сутыкаючыся з такой далікатнай гістарычнай праблемай, як рэпрэсіі. Сама прырода з’явы, відавочна, уздымае пытанні аб адказнасці дзяржавы перад грамадзянамі.
Каб унікнуць так непрыемных пытанняў, постсавецкі аўтарытарызм у Расіі і ў Беларусі схільны апеляваць да дыскурсу верагоднасці: маўляў, да часу, пакуль канчаткова і дакладна не будуць высветленыя ўсе факты, чапаць гэтую тэму не варта.
Рэут разглядаў расійскія сюжэты, але яны надзіва нагадваюць беларускія. Такую ж рыторыку можна было назіраць у дачыненні да Курапатаў. Беларуская ўлада таксама імкнецца стварыць для сябе зручную пазіцыю мадэратара ў дыскусіі, якая да пары здымае само пытанне.
Практычны сэнс
Важнай асаблівасцю тэмы з’яўляецца магчымасць аб’яднаць навуковы і практычны досвед. Нездарма пытанне аб зазоры паміж навуковым даследаваннем і практычнай работай уздымалася некаторымі ўдзельнікамі і асабліва яскрава выявілася ў канцы, калі ўдзельнікі абмяркоўвалі выніковую рэзалюцыю, вагаючыся паміж маральным заклікам і практычнымі захадамі.
У цэлым, аднак, азначэнне «навукова-практычная» і такім чынам сфармуляваны парадак дня меў вялізныя перавагі. Даклады аб увекавечванні памяці ахвяр рэпрэсій, напрыклад, у некалькіх урочышчах пад Віцебскам (даклад рабіў Ян Дзяржаўцаў) узнаўлялі бягучую беларускую рэчаіснасць таксама, як у дакладах гісторыкаў аб 30-х ці 40-х гадах рабіліся высновы аб савецкім грамадстве.
Практыку на канферэнцыі прадстаўлялі не толькі ўдзельнікі ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» ці актывісты ўвекавечвання ахвяр рэпрэсій. Гаворка ідзе таксама пра нашчадкаў ахвяр рэпрэсій, для якіх гэты гістарычны сюжэт з’яўляецца перадусім часткай прыватнай сацыялізацыі і біяграфіі.
Сюды ж можна аднесці даклад Ігара Мельнікава, які прадставіў свае апошнія кнігі. Іх можна разглядаць як прыклад свайго кшталту «стыхійнай» гістарычнай палітыкі — яны маюць навукова-папулярны характар і разлічаныя на шырокі попыт. Пры гэтым словазлучэнне «беларускі нацыяналізм» таксама прагучала, яно дазваляе асцярожна вызначыць прыблізны матывацыйны рэсурс. У гэтым сэнсе іх можна і трэба супаставіць з намаганнямі па ўдакладненні гістарычнай тапаграфіі Курапатаў (іх прадставіў Марат Гаравы) ці ўсталяваннем крыжоў на месцы расстрэлаў.
Сваё бачанне таго, якім чынам павінен быць уладкаваны «тэкст» гэтай гістарычнай палітыкі, прадставіла прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Ірына Раманава. Даследчыца звярнула ўвагу на складанасці інтэграцыі тэмы рэпрэсій у звычайны гістарычны наратыў, у прыватнасці ў падручніках. Яшчэ савецкая структура апавядання (палітычная, сацыяльная, эканамічная, культурная гісторыя) не прадугледжвае «месца» для рэпрэсій, робіць іх чужародным і не вартым увагі эпізодам. Змяніць сітуацыю можна, радыкальна перагледзеўшы спосаб арганізацыі гістарычнага матэрыялу.
Таксама трэба заўважыць, што камунікацыя навукоўцаў і «практыкаў гістарычнай палітыкі» не заўсёды азначала згоду. Тэзіс Аляксея Ластоўскага аб тым, што інтэграцыйны патэнцыял Курапатаў можа быць абмежаваным, вылікаў пярэчанні — менавіта з боку «практыкаў». Узнікла пытанне аб тым, як навукоўцы даследуюць рэчаіснасць і чаму іх высновы не супадаюць з эмацыйным досведам «практыкаў».
У гэтым сутыкненні і гэтай крыху «пабочнай» спрэчцы палягае важная вартасць такога роду канферэнцый, канкрэтны вынік зазвычай бяздумна ўжытага азначэння «навукова-практычны».
* * *
У цэлым, канферэнцыя выявіла, наколькі багаты, «кансалідаваны» матэрыял прапануе даследчыкам дадзеная праблематыка. Тэматычны абсяг рэпрэсій уключае такія з’явы, як саветызацыя, пераемнасць і прагалы ў праўным парадку (рэабілітацыя перш за ўсё), паняцце праўнай дзяржавы і ейны modus operandi, гісторыя гвалту і асабліва — штодзённасці, у тым ліку лёс рэпрэсаваных «пасля рэпрэсій», адаптацыя сем’яў ворагаў дзяржавы і рэпрэсаваных да сацыяльнага парадку ў эпоху рэпрэсій.
У канцы варта адзначыць высокі ўзровень арганізацыі (дзіўна, але гэта не рытуальная рэмарка дзеля ветлівасці: пра гэта казалі, напрыклад, і ўкраінскія ўдзельнікі). Па выніках канферэнцыі мае выйсці зборнік артыкулаў. Будзе выдатна, калі ён стане прадметам абмеркавання.
Паводле Нашай Нівы