У «Кніжнай шафе» Зміцер Дзядзенка прэзентуе «Гісторыю ў прыцемках»
29 студзеня ў 19.00 у «Кніжнай Шафе» адбудзецца сустрэча з пісьменнікам Зміцерам Дзядзенкам, прысвечаная прэзентацыі яго кнігі «Гісторыі ў прыцемках». Пісьменнік будзе цікавы для аматараў гісторыі, прыгодаў, містычнага і дэтэктыўнага жанру.
Творы Змітра Дзядзенкі, якія ўвайшлі ў кнігу «Гісторыі ў прыцемках», вызначаюцца цікавасцю да таямнічага і неспазнанага. Героі твораў спрабуюць разгадаць загадкі, паходжанне якіх губляецца ў прыцемках гісторыі.
Гэта ёсць як і ў містычным апавяданні «Яйкі птушкі Рух», так і ў дэтэктыўных аповесцяў «Голем з Малой Мар'ямпольскай» і «Вуаерыст».
Гісторыя «Голема з Малой Мар'ямпольскай» сюжэтна пераплятаецца з біяграфіяй беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Злачынства, якое адбываецца задоўга пасля смерці вялікага палачаніна, здараецца пры ўдзеле невядомых сілаў, а месцы злачынства знаходзяць след гліны. Голем з пражскіх легендаў працягвае помсціць нашчадкам Скарыны за нейкія даўнейшыя правіны...
Аўтар будзе чытаць вершы і не-вершы, а таксама спяваць песні пад гітару. З вершамі і прозай яму дапаможа спраўляцца артыстка Дар'я Зялінская.
29 студзеня, 19.00 «Кніжная Шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9, уваход са двара) — сустрэча са Зміцерам Дзядзенкам.