Выходзіць «экспартная» гісторыя БНР

Грунтоўнае даследаванне па гісторыі БНР напісаў Андрэй Чарнякевіч.

bnr_kniha.jpg

«БНР. Триумф побежденных» выйдзе ў канцы сакавіка ў выдавецтве «Янушкевіч». У кнізе будзе 304 старонкі і 16 старонак з ілюстрацыямі.
«Гэтая кніга — своеасаблівы адказ на тую прапаганду з боку некаторых СМІ і „экспертаў“, якія імкнуцца навязаць меркаванне пра БНР як нязначным факце нашай гісторыі. Гэта не так. А. Чарнякевіч у сваёй кнізе аргументавана разбівае падобныя меркаванні, — тлумачыць выдавец Андрэй Янушкевіч. — А рускамоўная гісторыя БНР — гэта свайго роду „экспартны варыянт“. Думаю, такая кніга дазволіць ахапіць больш шырокую аўдыторыю — як у Беларусі, так і за яе межамі, у прыватнасці, у Расіі».
З мэтай пашырыць колькасць чытачоў выдавецтва запусціла краўдфандынгавую кампанію на платформе Ulej.
«Мы запусцілі кароткачасовую краўдфандынгавую кампанію з адзінай мэтай — каб мець магчымасць адправіць бясплатныя асобнікі кнігі ў бібліятэкі (пачынаючы ад раённых і гарадскіх) і гуманітарныя ВНУ краіны. Лічым, што гэта рэальна пашырыць колькасць чытачоў і дапаможа людзям больш даведацца пра гісторыю першай беларускай нацыянальнай дзяржавы», — адзначае Янушкевіч.


bnr_kniha_2_logo.jpg

Андрэй Чарнякевіч
Андрэй Чарнякевіч — кандыдат гістарычных навук. Выкладаў у Гарадзенскім універсітэце. Зараз працуе ў Цэнтры беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Тэмы навуковых інтарэсаў — беларускі нацыянальны рух, польска-савецкая вайна, гісторыя Гродна. Аўтар кніг «Гродназнаўства», «Нараджэнне беларускай Гародні. З гісторыі нацыянальнага Руху 1909-1939 гадоў», «Чужыя сярод чужых. Павел Аляксюк і беларускія «паланафілы». Рэдактар і адзін з аўтараў энцыклапедычнага даведніка «Біяграфіі гарадзенскіх вуліц: Ад Фартоў ды Каложы».
Падтрымаць ініцыятыву можна тут: https://ulej.by/project?id=690915