Запрашаем на літаратурную імпрэзу «Падарожжа са словам»
ХХІV кніжны кірмаш — адна з самых яскравых культурных падзей у жыцці краіны. Сярод шэрагу мерапрыемстваў праводзяцца таксама літаратурныя сустрэчы, і пляцоўкай для правядзення такіх сустрэч стаў і Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

Сёлетнім госцем на гэтым кірмашы стала Вялікабрытанія, ролю якой у станаўленні і развіцці еўрапейскай літаратуры пераацаніць немагчыма. Таму ўсіх, хто цікавіцца як беларускай, так і англійскай літаратурай запрашаем на імпрэзу «Падарожжа са словам», якая пройдзе 11 лютага ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
У цэнтры ўвагі на мерапрыемстве — пераклады з англійскай мовы на беларускую і наадварот. Сярод запрошаных удзельнікаў — паэтка Вера Бурлак, перакладчыца Ганна Янкута, музыкі Піт Паўлаў ды Алеся Шагун, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, а таксама мастацтвазнаўца Мікіта Моніч і іншыя. Удзельнікі прачытаюць пераклады вядомых твораў брытанскай і беларускай літаратуры ды зайграюць перакладзеныя песні Depeche Mode і Metallіca.
Вершы Максіма Багдановіча прачытае таксама спадарыня Фіёна Гіб — Амбасадар яе Вялікасці ў Беларусі.
Запрашаем у Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а), 11 лютага пачатак а 16.00.
Уваход вольны.
Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча