1020-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ выдаткавала на вайну каля 200 мільярдаў долараў
Вялізныя страты нясе насельніцтва Расіі, якая ўвязалася ў захопніцкую вайну супраць Украіны. Каля 700 тысяч вайскоўцаў і каля 200 мільярдаў долараў — такія лічбы называюць у ЗША і Еўропе, ацэньваючы страты агрэсара.
***
У ноч на 9 снежня аналітыкі праекта «Deep State» паведамілі аб прасоўванні расійцаў паблізу 5 населеных пунктаў у Данецкай вобласці:
«Вораг прасунуўся ў Трудавым, Курахове, каля Шаўчэнкі, Адраджэння і Пушкіна».
***
Страта вайсковых баз у Сірыі можа сур'ёзна падарваць здольнасць Крамля ажыццяўляць аперацыі ў Афрыцы. Гэта аслабіць пазіцыі Расіі ў Лівіі і краінах на поўдзень ад Сахары, а таксама паставіць пад сумнеў яе ўплыў на афрыканскія аўтарытарныя рэжымы, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Расійская ваенна-марская база ў Тартусе забяспечвала лагістычную падтрымку для аперацый Крамля на афрыканскім кантыненце. Аналітыкі сцвярджаюць, што яе страта парушыць ратацыю асабістага саставу, папаўненне запасаў і здольнасць Расіі праектаваць ваенную сілу ў рэгіёне. Асабліва гэта закране аперацыі ў Лівіі і краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары, дзе РФ імкнецца захаваць свой уплыў.
Спрабуючы кампенсаваць страты, Крэмль можа ўзмацніць прысутнасць у Лівіі ці Судане, але адсутнасць афіцыйных пагадненняў з гэтымі краінамі і слабая інфраструктура абцяжарваюць такія планы.
«Расія выкарыстала Сірыю як плацдарм для падтрымання сваёй прысутнасці ў Афрыцы. Страта гэтага апорнага пункта будзе мець разбуральны эфект на яе аперацыі ў Лівіі і рэгіёне Сахеля».
Аналітыкі кажуць, што падзенне сірыйскага рэжыму Башара Асада стане дадатковым выклікам для расійскай стратэгіі.
«Крах рэжыму Асада і няздольнасць Расіі яго захаваць нанясе значную шкоду глабальнага іміджу Расіі як надзейнага хаўрусніка, а таксама паставіць пад пытанне яе ўплыў на афрыканскія аўтарытарныях рэжымы, якіх Расія імкнецца падтрымліваць, і яе больш шырокую геапалітычную мэту — пазіцыянаваць сябе як глабальную звышдзяржаву».
***
Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін падчас выступу на Нацыянальным форуме бяспекі Рональда Рэйгана ў Каліфорніі заявіў, што страты Расіі за першы год поўнамаштабнай вайны ва Украіне сталі беспрэцэдэнтнымі, перавысіўшы сумарныя выдаткі ва ўсіх канфліктах пасля Другой сусветнай вайны.
Паводле слоў Осціна, Расія страціла не менш за 700 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі з пачатку ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. А ваенныя выдаткі Крамля ўжо перавысілі 200 мільярдаў долараў. Осцін назваў гэтыя лічбы «ашаламляльнай цаной», якую Расія плаціць за сваю агрэсію.
Кіраўнік Пентагона падкрэсліў важнасць процідзеяння Крамлю і падтрымкі Украіны. Ён адзначыў поспехі міжнароднай кантактнай групы «Рамштайн», якая забяспечыла Украіну больш чым 57 мільярдамі долараў прамой дапамогі ў сферы бяспекі.
«Разам мы дапамаглі Украіне выстаяць перад поўнамаштабнай атакай найбуйнейшага войска ў Еўропе», — падкрэсліў Осцін.
Таксама ён адзначыў, што ЗША і іх хаўруснікі пазбеглі ядзернага супрацьстаяння з Расіяй, умацавалі ўсходні фланг NATO, а краіны-чальцы альянса павялічылі штогадовыя абаронныя выдаткі на амаль 80 мільярдаў долараў.
***
Паводле звестак брытанскай выведкі, у выніку атакі Сіл абароны Украіны напрыканцы лістапада ў часова акупаваным расійцамі Крыме была паражаная пазіцыя расійскага зенітнага ракетнага комплекса С-400.
Брытанская выведка адзначае, што 29 лістапада 2024 года Узброеныя сілы Украіны знішчылі элементы сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400 у Сімферопалі.
На здымках, даступных вайскоўцам, бачныя дзве варонкі памерам каля 13,5 м, раскіданыя абломкі і пяць аўтамабіляў аварыйна-выратавальных служб.
Тады ў сацыяльных сетках паведамлялася пра выбух і дэтанацыю ракетнага паліва, звязаныя са знішчэннем элементаў сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Гэта ўжо другое паведамленне пра паспяховае паражэнне ўкраінскімі вайскоўцамі расійскіх зенітна-ракетных комплексаў С-400 у лістападзе — пасля знішчэння ЗРК С-400 у Курскай вобласці 23 лістапада.
Як вядома, С-400 – расійскі зенітны ракетны комплекс вялікай і сярэдняй далёкасці, прызначаны для барацьбы з самалётамі далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання, РЭБ, паветранымі каманднымі пунктамі, стратэгічнымі бамбавікамі.
***
На працягу сутак на фронце адбылося 191 баявое сутыкненне з расійскімі захопнікамі. 90 штурмаў вораг засяродзіў на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, якія былі адбітыя, яшчэ 19 разоў акупанты атакавалі Урэмаўскі кірунак, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.
«Сітуацыя на фронце застаецца складанай. Праціўнік, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, бесперапынна атакуе нашы пазіцыі. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў, наносячы ворагу значныя страты».
Толькі за мінулыя суткі Сілы абароны Украіны абясшкодзілі 1 220 захопнікаў, 3 артылерыйскія сістэмы і 18 ББМ ворага. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 09.12.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 754 590 (+1 220) чалавек;
- танкаў — 9 519 (+0) адз.;
- баявых браніраваных машын — 19 589 (+18) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 21 061 (+3) адз.;
- РСЗА — 1 253 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 1 023 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 20 093 (+22) адз.;
- крылатых ракет — 2 859 (+2) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 30 989 (+24) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 636 (+1) адз.
***
У ноч з 5 на 6 снежня марскія дроны «SeaBaby», абсталяваныя буйнакалібернымі кулямётамі з аўтаматычным навядзеннем, у Керчанскай бухце атакавалі расійскія гелікоптары, самалёты і патрульныя катэры «Раптар», якія спрабавалі іх перахапіць, паведамляе Служба бяспекі Украіны.
Як паведамляюць у 13-м Галоўным упраўленні Дэпартамента ваеннай контрвыведкі СБУ, расійскія пілоты разлічвалі на лёгкае паляванне, але самі сталі здабычай.
Адзначаецца, што на найноўшых марскіх дронах «SeaBaby» ўсталяваны буйнакаліберныя кулямёты з балістычнымі праграмамі аўтаматычнага навядзення і аўтозахоп цэляў.
Перахоплены радыёабмен акупантаў сведчыць пра значныя страты сярод асабістага саставу: на бартах верталётаў ёсць забітыя і параненыя, а сама тэхніка атрымала сур'ёзныя пашкоджанні і патрабуе капітальнага рамонту.
Акрамя гэтага, дроны паразілі баржу, што перавозіла вайсковую тэхніку і абсталяванне для рамонту Крымскага моста, які расійцы дагэтуль спрабуюць аднавіць пасля папярэдніх нападаў украінскіх спецслужбаў.
«"Sea Baby" — гэта наша шматмэтавая платформа, на якой можа размяшчацца розную зброю: як ракетныя сістэмы залпавага агню, так і дроны і буйнакаліберныя кулямёты. Галоўнае, што яна чарговым разам даказала сваю эфектыўнасць. Вынікаў нашай працы насамрэч значна больш, чым мы можам паказаць цяпер, але ўсяму свой час».
***
У акупаваным Данецку падарвалі недарожнік «Toyota», у якім знаходзіліся экс-начальнік Яленаўской калоніі Сяргей Яўсюкоў і яго жонка, паведамляе Следчы камітэт РФ.
Расійскія прапагандысты апублікавалі відэа з месца падзеі. На ім відаць пашкоджаны аўтамабіль. Больш за ўсё ад выбуху пацярпела месца кіроўцы. Таксама бачна, што некалькі людзей спрабуюць аказаць дапамогу кіроўцу.
Следчы камітэт РФ паведаміў пра двух пацярпелых у выніку падрыву аўтамабіля. Аднак расійскія Telegram-каналы пішуць, што экс-начальнік Яленаўскай калоніі Сяргей Яўсюкоў ад выбуху загінуў. Яго жонка знаходзіцца ў цяжкім стане — ёй адарвала нагу.
Паводле звестак Telegram-канала «Mash», пад дном «Toyota Land Cruise»r быў закладзены пластыд — блізу 100 грамаў у трацілавым эквіваленце.
У ліпені СБУ паведаміла, што абвясціла аб падазрэнні экс-кіраўнікам Яленаўскай калоніі, якія маюць дачыненне да гібелі палонных украінскіх абаронцаў.
Гаворка ішла пра калабаранта, экс-кіраўніка так званай «Валнавахскай калоніі ДНР» у пасёлку Яленаўка Сяргея Яўсюкова і яго былога першага намесніка Дзмітрыя Няёлава.
Паводле звестак следства, абодва фігуранты былі пры пасадах, калі ў ноч на 29 ліпеня 2022 года расійцы ўчынілі выбухі на тэрыторыі акупацыйнай турмы.
Абодва фігуранты ўсведамлялі наступствы выбухаў і колькасць пацярпелых, але наўмысна зацягвалі з эвакуацыяй параненых у медустановы.
«На падставе сабраных доказаў следчыя СБУ паведамілі Яўсюкову і Няёлаву аб падазрэнні па ч.2 арт. 28 і ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны ("Жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі, злучанае з наўмысным забойствам, здзейсненым па папярэдняй змове групай асоб")», — паведамілі ў СБУ.
У службе адзначылі, што ў лістападзе 2022 года абодвух фігурантаў акупанты «замянілі на пасадах», і акцэнтавалі ўвагу на тым, што яны хаваюцца ад правасуддзя на часова захопленай частцы тэрыторыі Данецкай вобласці.
***
9 снежня расійская армія ўдарыла дронам па грузавіку дабрачыннай арганізацыі ў Арэхаве Запарожскай вобласці, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў.
«Цынізм акупантаў не ведае межаў: вораг ударыў па валанцёрах, якія забяспечваюць гуманітарнай дапамогай прыфрантавыя гарады і вёскі. У Арэхаве варожы дрон папаў у грузавік, які належыць дабрачыннай арганізацыі».
Паводле слоў Фёдарава, ніхто з людзей не пацярпеў.
***
Адзін чалавек загінуў і яшчэ трое атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў па Херсоне раніцай 9 снежня, напісаў кіраўнік Херсонскай ГВА Раман Мрочка ў Telegram.
«Каля 11:30 вораг з дрона атакаваў аўто ў Дняпроўскім раёне горада. Траўмы, несумяшчальныя з жыццём, атрымаў невядомы мужчына».
Яшчэ адзін чалавек пацярпеў ад скіду выбухоўкі з дрона ў прыгарадзе Херсона. 61-гадовы жыхар атрымаў асколачныя раненні.
Таксама каля 10:30 расійскія войскі з часова акупаванага левага берага абстралялі цэнтральную частку Херсона, у выніку чаго цялесныя пашкоджанні атрымала 44-гадовая жанчына, якая ў гэты момант была на вуліцы. Яе шпіталізавалі з выбухной траўмай і асколачным раненнем.
Акрамя таго, паводле слоў Мрочкі, расійскія акупанты атакавалі з беспілотніка аўто аднаго з херсонскіх камунальных прадпрыемстваў.
«Людзі працавалі ў прыгарадзе, ім пашанцавала выжыць. У траіх работнікаў КП — вострая рэакцыя на стрэс», — напісаў кіраўнік гарадской адміністрацыі.
Пазней Херсонская АВА паведаміла, што каля 12:30 расійцы зноў атакавалі з БпЛА Херсон. Праз скід выбухоўкі з дрона пацярпеў 61-гадовы мужчына, які ішоў дадому. Пацярпелага з выбухной траўмай і раненнем нагі шпіталізавалі.