1024-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: масіраваная ракетная атака на ўкраінскі энергетычны комплекс

РФ ударыла ракетамі і беспілотнікамі па аб'ектах энергетыкі Украіны — праз атаку атамныя электрастанцыі вымушаныя былі зменшыць магутнасці. У Крамлі назвалі ўдар «адказам на выкарыстанне амерыканскіх ракет».

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

12 снежня ў Пекіне Дзмітрый Мядзведзеў сустрэўся з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. Падчас перамоў расійскі бок чарговы раз агучыў свае ультыматыўныя патрабаванні да Украіны, а Кітай падаў платформу для іх распаўсюду, у тым ліку і пад прыкрыццём заклікаў да міру, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

У сваёй справаздачы за 12 снежня яны адзначаюць, што Сі Цізньпін працягвае падтрымліваць рыторыку Крамля, якая апраўдвае агрэсію супраць Украіны і заклікае да капітуляцыі Украіны.

Падчас перамоваў кітайскі кіраўнік паўтарыў стандартную пазіцыю КНР у вайне ва Украіне, заклікаўшы да «дээскалацыі» і рэкламуючы кітайска-бразільскую ініцыятыву «Сябры міру», якая фактычна служыць падтрымкай Расіі. 

Мядзведзеў, у сваю чаргу, заявіў, што Расія гатовая да перамоў з Украінай, але толькі пры ўмове прызнання ўкраінскім урадам «рэалій на месцах» — гэта значыць, фактычнай капітуляцыі перад Расіяй.

«Гэтыя патрабаванні Мядзведзеў падмацаваў спасылкай на заяву Пуціна ад чэрвеня 2024 года, у якім той заявіў, што ўкраінскія войскі павінны "цалкам выйсці" з падкантрольнай Украіне тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей да таго, як Расія пагодзіцца ўступіць у перамовы.

Расійскі варыянт "перамоў", які ўлічвае "рэаліі на месцах", патрабуе ад Украіны амаль 20% тэрыторыі і мільёнаў людзей, якія жывуць пад расійскай акупацыяй».

***

12 снежня аналітыкі праекта «DeepState» паведамілі пра акупацыю расійцамі населенага пункта Зара. Сітуацыя вакол «Успенскага мяшка» ў Данецкай вобласці пагаршаецца.

Паводле звестак аналітыкаў, расійцы прасунуліся ў Наватроіцкім, Успенаўцы, Курахове, Сонцаўцы і ля Вясёлага Гая ў Данецкай вобласці.

Асаблівую ўвагу аналітыкі надаюць сітуацыі ў раёне населеных пунктаў Елізаветаўка, Раманаўка, Вясёлы Гай, Аннаўка, якія апынуліся ўнутры «Успенскага мяшка». Вораг спрабуе прарваць абарону з усіх бакоў. Ключавую ролю ў стрымліванні адыгрываюць вёскі Трудавое, Успенаўка і Далёкае. Менавіта адтуль расійцы канцэнтруюць сілы для штурму Успенаўкі, якая знаходзіцца пад пагрозай поўнага акружэння.

«Сітуацыя крытычная для ўсіх, акрамя Луцэнкі, ужо экс-камандуючага ОТГ "Данецк". Паводле нашай інфармацыі, ён зняты з пасады і пераведзены ў камандаванне сухапутных войскаў. Затое мы можам пачуць ад новага камандуючага традыцыйнае "адышлі на падрыхтаваныя пазіцыі"».

Украінскія вайскоўцы вядуць актыўныя баі за ўтрыманне пазіцый, але сітуацыя застаецца складанай праз значную перавагу ворага ў жывой сіле, кажуць аналітыкі.

Паводле іх даных, адсутнасць належнай каардынацыі можа прывесці да рызыкі акружэння падраздзяленняў Сіл абароны Украіны адразу ў некалькіх населеных пунктах.

***

Расійскія войскі запусцілі па Украіне вялікую колькасць ракет, у сувязі з чым ва ўсіх рэгіёнах аб'яўлялі паветраную трывогу.

У прыватнасці, групу крылатых ракет зафіксавалі на Херсоншчыне, на ўсходзе Мікалаеўшчыны. Яны рухаліся на поўнач / паўночны ўсход.

Пазней стала вядома, што ракеты з Мікалаеўскай вобласці працягваюць рух на Кіраваградчыну, ракеты з Сумшчыны ляцяць у Чарнігаўскую, Кіеўскую і Палтаўскую вобласці.

Таксама Паветраныя сілы Украіны паведамілі пра ўзлёт з аэрадрома «Саваслейка» Міг-31к, які можа несці ракеты «Кінжал».

Акрамя таго, працягваецца дроновая атака акупантаў. 

Мінэнерга Украіны адзначыла, што акупанты атакуюць энергетыку. Цяпер ва Украіне ўвялі экстраныя адключэнні святла.

***

За мінулыя суткі на фронце зафіксавалі 210 баявых сутыкненняў, вораг здзейсніў на Пакроўскім кірунку 47 атак, на Курахоўскім — 51, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

«Агулам за мінулыя суткі зафіксавана 210 баявых сутыкненняў. Паводле ўдакладненай інфармацыі, учора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах 35 авіяўдараў, скінуўшы 69 КАБ. Акрамя гэтага, здзейсніў 4170 абстрэлаў, з іх 103  з рэактыўных сістэм залпавага агню».

На працягу сутак Расія выпусціла па Украіне 287 сродкаў паветранага нападу, Сілы абароны Украіны знішчылі 161 ракету і дрон ворага, 105 беспілотнікаў не дасягнулі цэляў.

З 14.00 12 снежня праціўнік здзейсніў камбінаваны паветраны напад па Украіне ракетамі розных тыпаў і ўдарнымі беспілотнікамі.

Паводле даных Паветраных сіл, па стане на 11.30 пацверджана збіццё:

— 80 крылатых ракет Х-101 / Х-55 СМ / «Калібр» / «Іскандэр-К»;

— 1 балістычнай ракеты «Іскандэр-М»;

— 80 ударных БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў неўстаноўленага тыпу. Акрамя таго, 105 варожых беспілотнікаў лакальна страчаныя, пяць вярнуліся ў Расію, яшчэ адзін — у Беларусь.

Ракетна-дронавы ўдар праціўніка чарговы раз у асноўным быў накіраваны па аб'ектах энергетыкі Украіны.

Акрамя таго, Генштаб УСУ абнавіў інфармацыю пра расійскія страты ў вайне. Паводле стану на раніцу 13 снежня, УСУ абясшкодзілі ўжо больш за 760 тысяч акупантаў, 9537 танкаў, 21 078 артылерыйскіх сістэмы і 19 675 ББМ. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 13.12.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 760 120 (+1390) чалавек;
  • танкаў — 9 537 (+5) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 19 675 (+31) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 21 078 (+6) адз.;
  • РСЗА — 1 253 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 1 023 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 20 176 (+65);
  • крылатых ракет — 2 861 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 31 177 (+50) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 642 (+0) адз.

***

У Індустрыяльным раёне Харкава зафіксаваны ўдар расійскага беспілотніка па пяціпавярховым жылым доме, паведаміў гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў у Telegram.

«У горадзе прылёт "шахіда" ў жылы дом у Індустрыяльным раёне. Папярэдне — пападанне ў дах пяціпавярхоўкі. Інфармацыі пра пацярпелых на дадзеную хвіліну не паступал»а.

Раніцай у ДСНС Украіны паведамілі, што акупанты ўдарылі па жылым доме ў Харкаве каля 01:40 ночы.

«13 снежня каля 01:40 варожы БпЛА трапіў у дах пяціпавярхоўкі. Узнік пажар. Пашкоджаны дах жылога дома і шкленне вокнаў. Папярэдне без пацярпелых».

***

Раніцай 13 снежня расійскае войска ўдарыла па мірным Бярэзінскім раёне Харкаўскай вобласці, у выніку атакі пацярпелі чатыры чалавекі, паведаміў старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў

«Паводле папярэдніх даных, два чалавекі атрымалі раненні — гэта работнікі грамадзянскага прадпрыемства. Пашкоджана грамадзянская інфраструктура».

Праз паўгадзіны кіраўнік АВА напісаў, што колькасць пацярпелых павялічылася да 4.

Пасля ў Харкаўскай абласной пракуратуры ўдакладнілі, што РФ нанесла ракетныя ўдары па грамадзянскім прадпрыемстве ў Бярэзінскім раёне каля 7:45. Атрымаў раненні 60-гадовы ахоўнік. Пацярпелага шпіталізавалі ў бальніцу. Таксама цялесныя пашкоджанні атрымалі яшчэ трое мужчын — супрацоўнікі іншага прадпрыемства, якія працавалі побач з месцамі варожых удараў.

***

Расійскія захопнікі атакавалі Чарнігаўскую вобласць ударнымі дронамі, у выніку чаго пашкоджаныя жылыя дамы, гімназія і ферма, напісаў кіраўнік рэгіёна Вячаслаў Чавус у Telegram.

«Вораг атакаваў ударнымі дронамі населеныя пункты ў трох раёнах Чарнігаўшчыны».

Паводле яго, у Чарнігаўскім раёне пашкоджаныя 2 прыватныя дамы.

У Прылуцкім раёне ў выніку падзення БпЛА пашкоджаныя жылыя дамы, гаспадарчыя памяшканні і будынак гімназіі.

А ў Нежынскім раёне праз атаку дронаў пашкоджана ферма, загінулі 11 кароў.

***

Два чалавекі загінулі і яшчэ чацвёра атрымалі раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў Херсоншчыны 12 снежня, паведаміла Нацпаліцыя Украіны.

«За мінулыя суткі населеныя пункты неакупаванай Херсоншчыны знаходзіліся пад атакамі варожых БпЛА і артылерыйскімі абстрэламі. Смяротныя раненні атрымалі 50-гадовая жанчына і 67-гадовы мужчына, яшчэ чацвёра параненых з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя».

У выніку варожых пападанняў былі пашкоджаныя 4 прыватныя дамы і 3 шматпавярхоўкі, 7 аўтамабіляў, сярод іх — транспартны сродак паліцыі, сельскагаспадарчая тэхніка, адміністрацыйны будынак і памяшканне банкаўскай установы, газаправод.

***

Раніцай 13 снежня расійскі ракетны ўдар быў накіраваны супраць украінскай энергетыкі, захопнікі атакавалі аб'екты ў заходніх абласцях, у прыватнасці, на Львоўшчыне і Івана-Франкоўшчыне, ёсць пападанні.

Кіраўніца Івана-Франкоўскай АВА Святлана Анішчукпаведаміла, што Прыкарпацце падвергнулася «самай масіраванай атацы за час поўнамаштабнай вайны».

«На досвітку вораг ужыў ударныя беспілотнікі і крылатыя ракеты. Пад прыцэлам — аб'екты крытычнай інфраструктуры. Ёсць пападанні! Па стане на цяпер, на шчасце — без пацярпелых».

Паводле яе слоў, у вобласці працавалі сілы СПА. Цяпер на месцы падзей прыцягнутыя адпаведныя службы для пераадолення наступстваў атакі.

***

Расійскае Міністэрства абароны заявіла, што масіраваны ўдар Расіі па Украіне 13 снежня быў адказам на ўдар па Таганрогу Растоўскай вобласці.

«11 снежня 2024 года з тэрыторыі Украіны быў нанесены ракетны ўдар шасцю аператыўна-тактычнымі ракетамі "ATACMS" амерыканскай вытворчасці па ваенным аэрадроме ў раёне горада Таганрог».

Паведамляецца, што ў адказ Расійская Федэрацыя ажыццявіла масіраваны ўдар па крытычна важных аб'ектах паліўнай і энергетычнай інфраструктуры Украіны.

Расійцы сцвярджаюць, што для атакі была выкарыстаная высокадакладная зброя вялікай далёкасці паветранага і марскога базавання, а таксама ўдарныя беспілотнікі. Цэлямі сталі аб'екты, якія нібыта забяспечваюць працу ваенна-прамысловага комплексу Украіны.

Удар па Украіне пракаментаваў таксама прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Журналісты спыталі ў яго, ці з'яўляецца сённяшні масіраваны расійскі ўдар па энергетычных аб'ектах ва Украіне адказам на ўдары УСУ па ваенным аэрадроме ў Таганрогу 11 снежня, якія, паводле звестак Мінабароны РФ, былі нанесеныя амерыканскімі ракетамі «ATACMS».

«У тым ліку», — сказаў Пяскоў і дадаў, што ў Крамлі згодныя з пазіцыяй абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які раскрытыкаваў Кіеў за запуск амерыканскіх ракет па тэрыторыі Расіі.

«Заява цалкам супадае з нашай пазіцыяй, гэта значыць у нас у дадзеным выпадку супадае бачанне прычын эскалацыі і, вядома, гэта нам імпануе. Відавочна, што Трамп разумее, што менавіта эскалюе сітуацыю вакол канфлікту», — сказаў Пяскоў.

***

Таксама Мінаабароны РФ заявіла, што беспілотнікі атакавалі некалькі расійскіх абласцей. Паводле даных абароннага ведамства, пяць БПЛА збітыя над тэрыторыяй Курскай вобласці, па чатыры — над Белгародскай і Уладзімірскай, тры — над Растоўскай, адзін — над Ліпецкай вобласцю.