1027-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы захапілі яшчэ некалькі ўкраінскіх вёсак
Украінскія войскі ля Курахова апынаюцца ва ўсё большым акружэнні.
***
Сілы абароны Украіны дасягнулі поспеху ў аднаўленні пазіцый у Калеснікоўцы на Харкаўшчыне, аднак вораг ажыццяўляе паспяховае прасоўванне ў некалькіх раёнах Данецкай вобласці, паведамляе ТГ-канал «Deep State».
Расійскія часткі зноў узялі сяло Новы Камар і перарэзалі адну з дарог з тылу да Вялікай Навасёлкі, а пад Кураховым узялі вёскі Аннаўка і Зяленаўка і паступова сцягваюць гарлавіну «мяшка» вакол усяго гэтага раёна.
Новы Камар — гэта сяло, размешчанае на дарозе, якая вядзе з поўначы ў Вялікую Навасёлку, расійцы ўжо захоплівалі на пачатку снежня, але 4-5 снежня, паводле паведамленняў украінскага боку, былі выбітыя адтуль. Праўда, дарога ў Вялікую Навасёлку ўсё роўна заставалася пад шчыльным прыцэльным агнём расійцаў.
Акрамя таго, паводле даных «DeepState», расійцы ўклініліся ва ўкраінскую абарону на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі і, мяркуючы па мапе, амаль атачылі вёску Макараўка.
У раёне Курахова, як паведамляе «DeepState», расійскія часткі зрабілі рывок у бок вёскі Зяленаўка і яшчэ больш сціснулі гарлавіну «мяшка» вакол курахоўскага раёна ўкраінскай абароны.
Акрамя таго, як паведамляюць украінскія ваенныя блогеры, на поўдзень ад Курахова расійцы захапілі сяло Аннаўка.
«Аннаўка страчана. Большасць з нашага гарнізона змагла прарвацца, але не ўсе», — паведамляе ваенны блогер Багдан Мірошнікаў. Яго калега Алег Пятрэнка дадае, што расійцы ўсталявалі сцяг у цэнтры Аннаўкі, а таксама канчаткова захапілі квартал шматпавярховак у Курахове — гэта значыць, узялі ўсю ці амаль усю жылую частку горада.
***
Дрэнная каардынацыя і моўны бар'ер паміж паўночнакарэйскімі і расійскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласці прыводзяць да сур'ёзных праблем на полі бою. Інцыдэнты «дружалюбнага агню» і цяжкасці з камунікацыяй зніжаюць эфектыўнасць сумесных аперацый, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Неэфектыўная камунікацыя абцяжарвае каардынацыю баявых дзеянняў, што асабліва заўважна ва ўмовах інтэнсіўных пяхотных нападаў, да якіх прыцягнутыя паўночнакарэйскія падраздзяленні. Паводле інфармацыі ISW, такія праблемы з'яўляюцца сістэмнымі і будуць працягвацца ў бліжэйшай перспектыве, пагаршаючы агульную баяздольнасць войскаў у рэгіёне.
«Моўны бар'ер істотна ўплывае на эфектыўнасць узаемадзеяння паміж паўночнакарэйскімі і расійскімі сіламі, што прыводзіць да памылак — такіх, як "дружалюбны агонь", і парушае агульную каардынацыю аперацый».
Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, паўночнакарэйскія войскі памылкова абстралялі аўтамабілі чачэнскага спецназа "Ахмат", што прывяло да гібелі расійскіх вайскоўцаў.
«У ГУР паведамілі, што кантынгент, які складаецца з расійскіх і паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці, страціў 200 чалавек паводле стану на 14 снежня ў выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на пазіцыі паўночнакарэйскіх войскаў.
Дрэнная інтэграцыя і пастаянныя праблемы з камунікацыяй паміж расійскімі і паўночнакарэйскімі войскамі, імаверна, і ў далейшым будуць выклікаць спрэчкі ў расійскіх ваенных аперацыях у Курскай вобласці ў найбліжэйшай перспектыве».
***
Вораг даўкамплектоўвае падраздзяленні паўночнакарэйскай арміі пасля страт у штурмах у Курскай вобласці РФ, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.
Адзначаецца, што на працягу 14 і 15 снежня 2024 года ў раёнах вёсак Пляхава, Варабжа, Мартынаўка Курскай вобласці падраздзяленні арміі КНДР панеслі значныя страты — гаворка ідзе пра як мінімум 30 салдат забітымі і параненымі.
Таксама ў раёне вёскі Курылаўка прынамсі трое паўночнакарэйскіх вайскоўцаў зніклі без вестак.
У сувязі са стратамі штурмавыя групы даўкамплектоўваюць свежым асабістым саставам, у прыватнасці з ліку 94-й асобнай брыгады арміі КНДР, для працягу актыўных баявых дзеянняў на Куршчыне.
***
За мінулыя суткі на фронце адбылося 228 баявых сутыкненняў. Самая гарачая сітуацыя назіралася на Сіверскім, Пакроўскім, Курахоўскім і Урэмаўскім кірунках, якія вораг атакаваў усяго 133 разы, таксама расійцы атакавалі Курскі плацдарм 38 разоў.
Уначы 16 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну 49-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі іншых тыпаў, 27 варожых дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 19 былі лакацыйна страчаныя, а 3 да гэтага часу знаходзяцца ў паветры.
Таксама Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты войскам РФ — толькі за мінулыя суткі яны «адмінусавалі» яшчэ больш за тысячу захопнікаў, паведамляе Генштаб УСУ. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 16.12.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 763 510 (+1 070) чалавек;
- танкаў — 9 563 (+12) адз.;
- баявых браніраваных машын — 19 736 (+29) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 21 151 (+23) адз.;
- РСЗА — 1 256 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 1 025 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 20 372 (+16) адз.;
- крылатых ракет — 2 943 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 31 480 (+82) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 650 (+2) адз.
***
Украінскія беспілотнікі знішчылі варожы склад артылерыйскіх і мінамётных боепрыпасаў каля вёскі Маркіна на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці, піша «Украінская праўда».
«З'явіліся дэталі спецаперацыі, якую СБУ правяла на днях. Дроны Службы бяспекі зладзілі пякельную "бавоўну" на артылерыйскіх і мінамётных складах каля вёскі Маркіна на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці».
Паведамляецца, што там знаходзіліся тысячы боепрыпасаў для БМП, танкаў, супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты, міны, гранаты і мільёны патронаў рознага калібру.
Паводле звестак крыніц выдання, у выніку спецаперацыі на складзе ўсю ноч раздаваліся выбухі.
Акрамя таго, знішчаны не толькі склад з боепрыпасамі, а таксама і склад гаруча-змазачных матэрыялаў, які знаходзіўся побач.
***
Раніцай у панядзелак расійскія вайскоўцы скінулі з беспілотніка выбухоўку на краму ў горадзе Берыслаў Херсонскай вобласці, у выніку чаго загінула жанчына.
Крыніца: ў Telegram, Херсонская ОВА ў Telegram
«Паводле звестак следства, 16 снежня блізу 10:00 вайскоўцы войска РФ скінулі выбухоўку з беспілотнага лятальнага апарата на краму ў Берыславе Херсонскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні Херсонскай абласной пракуратуры.
Паведамляецца, што ў выніку атакі 53-гадовая жанчына атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Пачата дасудовае расследаванне ў крымінальнай вытворчасці па факце ваеннага злачынства, якое пацягнула за сабой гібель чалавека.
«Пракуроры прымаюць усе неабходныя меры для дакументавання ваенных злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі Узброеных сіл РФ», — гаворыцца ў паведамленні.
***
Расійскі міністр абароны Андрэй Белавусаў прапанаваў сфармаваць войскі беспілотных сістэм:
«У адпаведнасці з даручэннем вярхоўнага галоўнакамандуючага, прапануецца сфармаваць новы род войск – "войскі беспілотных сістэм"».
Ён дадаў, што стварэнне такіх войск можа быць завершана ў трэцім квартале 2025 года.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін на калегіі Мінабароны заявіў, што штодня ў войскі РФ нібыта паступаюць «некалькі тысяч беспілотнікаў».
***
Цытаты з выступу Пуціна на калегіі Мінабароны прыводзіць «Бі-бі-сі».
Па-першае, ён сцвярджае, што ў 2024 годзе расійскімі вайскоўцамі было захоплена 189 населеных пунктаў ва Украіне (Пуцін выкарыстаў слова «вызвалена», як гэта заўсёды робіць расійская прапаганда). Міністр абароны Андрэй Белавусаў пазней дадаў, што з пачатку вайны нібыта захоплена 4,5 тысячы квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі.
Пуцін не назваў колькасці загінулых расійскіх вайскоўцаў («Бі-бі-сі» на аснове адкрытых даных атрымалася ўстанавіць прынамсі 83 338 імёнаў), але абвясціў на калегіі хвіліну маўчання.
Па-другое, Пуцін сцвярджае, што сёлета штодня ў сярэднім больш за тысячу чалавек паступае на вайсковую службу па кантракце. Гэта адпавядае раней заяўленым лічбам аб ліку добраахвотнікаў для вайны ва Украіне.
Па-трэцяе, ён даручыў трымаць у пастаяннай гатоўнасці нестратэгічныя ядзерныя сілы і заявіў, што ў бліжэйшы час будзе забяспечаны серыйны выпуск комплексаў «Арэшнік», які ўпершыню быў ужыты ў лістападзе.
Па-чацвёртае, Пуцін нагадаў, што штатная колькасць расійскіх Узброеных сіл павышаная да 1,5 млн. вайскоўцаў. Указ аб гэтым ён падпісаў у верасні.
Нарэшце, расійскі прэзідэнт запатрабаваў нарошчваць вытворчасць беспілотнікаў, якімі Расія штодня атакуе Украіну.