9,63 % за два дні. ЦВК паведамляе пра рэкордную яўку, назіральнікі — пра рэкордныя маніпуляцыі
За два дні датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 9,63 % выбарнікаў. Такія дадзеныя апублікаваў ЦВК.
Найбольш актыўна людзі галасавалі ў Віцебскай вобласці — там яўка склала 10,94%. Найменш актыўна выбарнікі галасавалі на Берасцейшчыне — 7,68%.
Датэрміновае галасаванне на выбарах-2016 працягвае ісьці больш інтэнсіўна, чым на мінулых парламенцкіх выбарах: у 2012 годзе за два дні прагаласавалі 7,2 % выбарнікаў.
Тым часам кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамляе пра завышэнне яўкі з боку выбарчых камісій.
Паводле дадзеных праваабаронцаў, на 189 участках, дзе вялося назіранне, колькасць тых, хто прагаласаваў, за другі дзень датэрміновага галасавання склала 12 955 чалавек, а паводле пратаколаў выбарчых камісіяў — 14 004 чалавек. Такім чынам, яўка была завышаная на 7,5% (у 2012 годзе праваабаронцы фіксавалі завышэньне яўкі толькі на 3,2%).
«На тых участках, дзе мы ўчора зафіксавалі анамальныя разыходжанні афіцыйнай яўкі з дадзенымі назiральнiкаў, сёньня ўзорна няма разыходжанняў. Але план трэба выконваць. Таму выйшлі новыя ўмельцы. Рэкардсменам стаў участак № 11 акругі № 84 Магілёва, дзе рэальна прагаласавалі 73 выбарцы, але камісія знайшла аж 193. Агулам розніца склала 7,5 %. Рэкорды у параўнанні з іншымі выбарамі працягваюцца», — паведаміў у сваім Фэйсбуку прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.
Назіральнікі таксама працягваюць паведамляць аб выпадках масавага арганізаванага галасавання студэнтаў.
Паводле Радыё Свабода