«Белкамунмаш» паказаў новыя электрабусы. На вуліцах Мінска яны з'явяцца ў канцы года
У Мінску прэзентавалі дзве мадэлі электрабусаў, сабраных на заводзе «Белкамунмаш», а таксама ўзор моднага прыпынку грамадскага транспарту са станцыяй сілкавання. Арганізатары падкрэсліваюць, што гэта не фантастычная і далёкая будучыня і ў бліжэйшым часе падобныя электрабусы з'явяцца на вуліцах Мінска, а ў Гомелі з'явіцца прыпынак.

Гаворка ідзе пра электрабусы E420 Vitovt Electro і E433 Vitovt Max Electro. Розніца, па сутнасці, у памерах: адна мадэль звычайная, іншая счэпленая. Першая была прэзентаваная на выставе «Белагра» ў чэрвені гэтага года. Дакладней, паказалі кузаў, без начыння. Зараз з'явілася канкрэтыка.
Запас хады, як і паведамлялася раней, складзе 12 кіламетраў. Сілкаванне зойме 5-7 хвілін і, па планах, будзе рабіцца на канчатковых прыпынках, каля дыспетчарскіх станцый, аднак магчымая хуткая зарадка на звычайных прыпынках.

Счэпленая мадэль E433 прэзентаваная ўпершыню. Яе пасажыразмяшчальнасць — 153 чалавекі, месцаў для сядзення — 38.
Электрабусы абсталяваны сістэмамі відэаназірання, у салоне прадугледжаныя разеткі для сілкавання ноўтбукаў і іншых дэвайсаў пасажыраў.

У мадэлі з нізкай падлогай будзе прасцей трапіць інвалідам-вазочнікам.
Як стала вядома, першыя два электрабусы з'явяцца на мінскіх вуліцах ужо ў канцы года. А да сакавіка-красавіка на гарадскіх маршрутах будзе выкарыстоўвацца дваццаць такіх машын.

Модны прыпынак выклікаў не меншую цікавасць. Ён зроблены таксама на «Белкамунмашы», але ідэя і праект — прыватнай кампаніі «АйЦіПраектБуд». У сцены ўмантаваныя два дысплэі, ёсць Wi-Fi, прадугледжана відэаназіранне. У цёмны час сутак выкарыстоўваецца святлодыёднае асвятленне.

Аднак галоўная фішка — паўпантограф (у дадзеным выпадку прадстаўлены макет), з дапамогай якога плануецца сілкаваць электробусы на прыпынках. Зрэшты, спецыялісты ўжо заявілі, што сілкавальныя станцыі, хутчэй за ўсё, будуць выглядаць інакш.

Як кажуць распрацаўнікі, прыпынак можна зрабіць розных памераў і нават закрытага тыпу, абсталяваўшы яго ўстаноўкай клімат-кантролю. Канкрэтна гэты асобнік будзе перавезены ў Гомель.
Паводле auto.onliner.by