Аб'яднанне экс-сілавікоў хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»

Генпракуратура звярнулася ў Вярхоўны суд для прызнання BYP*L тэрарыстычнай арганізацыяй

_vjarhouny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед прыслухаўся да прапановы старшыні КДБ Івана Церцеля — і накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні тэрарыстычным аб'яднання экс-сілавікоў BYP*L, структурных падраздзяленняў «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр», якія ўваходзяць у яго, і «Мабілізацыйны план "Пер*мога"». Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускай Генпракуратуры.

Генпракуратура лічыць, што аб'яднанне BYP*L было створана ў кастрычніку 2020 года для вярбоўкі дзеючых сілавікоў і «схілення іх да здрады інтарэсам службы і да выкарыстання становішча, якое яны займалі, у экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя таго Генпракуратура сцвярджае, што з траўня 2021 года арганізацыя аб'ядноўвае сваіх прыхільнікаў з мэтай «фарміравання ў іх радыкальных поглядаў для наступнага іх схілення да здзяйснення экстрэмісцкіх дзеянняў», у тым ліку тэрактаў. А канчатковая мэтай дзейнасці BYP*L — сцвярджаюць беларускія ўлады — «гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь».

Нагадаем, як пісаў НЧ, у лістападзе 2021 года МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем інтэрнэт-рэсурсы "BYP*L"/"мабілізацыйны план "Перамога".

А тэлеграм-канал экс-сілавікоў суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкім яшчэ ў красавіку мінулага года.