«Ад Ціханоўскай суцэльная карысць, а ад некага — наогул ніякай карысці, акрамя шкоды»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівым яму мастацкім стылі аналізуе ўчарашнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі і разважае на тэму ініцыятывы асобных еўрапейскіх чыноўнікаў аб пазбаўленні беларусаў шэнгенскіх віз.
Учора Лукашэнка лётаў на размову да Пуціна. І, па праўдзе кажучы, гэта была дзіўная размова. Прынамсі, тая частка, якую нам паказалі.
Ну, недарэчна ж нагадваць, што Беларусь заўсёды плаціць свае даўгі, калі табе кажуць пра кактэйль Гайдукевіча і спячых тэрарыстаў. Людзі распавядаюць пра свісцячыя над галавой кулі не для таго, каб ім намякалі пра даўгі. А зусім наадварот. Каб атрымаць крыху спагады і, можа малюсенькую кампенсацыю маральных пакут. Казаць пра даўгі ў такіх абставінах — нетактоўна.
Але вынікі, зноў жа, тыя, пра якія нам сказалі, таксама атрымліваюцца нейкімі дзіўнымі. Кошт газу ў 2022 годзе на ўзроўні 2021 года азначае на самай справе, што беларускі саюзнік больш не будзе даймаць крамлёўскіх братоў размовамі пра новыя кошты. Таму што гэта якраз Расія хацела пакінуць кошт на ўзроўні 21 года. А беларускія ўлады зусім наадварот, лічылі, што кошт несумленны, несправядлівы і не адпавядае духу брацкіх адносін. Але, мабыць, яны цяпер не ў тым становішчы, каб спрачацца аб цэнавых дыспарытэтах.
А яшчэ захаванне коштаў на 2022 год як бы намякае, што ніхто сур’ёзна не спадзяецца ў гэтым годзе дамовіцца па картах саюзнай інтэграцыі. Таму што сэнс энергетычнай карты якраз у тым і складаўся, каб у Беларусі і Смаленску цана на газ была аднолькавай, за вылікам выдаткаў на яго дастаўку. А ў Смаленску газ цяпер каштуе 70 долараў за 1.000 кубаметраў. А ў Беларусі 128,5. А хацелі наогул менш 50-ці.
І з нафтавай кампенсацыяй атрымліваецца тое ж самае. Ніхто, вядома не назваў дакладную суму, але раней беларускі ўрад ацэньваў свае страты ад падатковага манеўру ў 425 мільёнаў долараў. Але тады гаворка ішла аб кампенсацыі без абавязацельстваў. А цяпер кажуць пра нейкі крэдыт. Гэта значыць, атрымліваецца, ужо з абавязацельствамі і якімі-ніякімі працэнтамі.
Дык пытанне: чаго было лётаць у такую далечыню ў такую спякоту? Хіба што гаспадар праўда хацеў паслухаць ад госця пра тэрарыстаў, міграцыйны крызіс і татальнае спыненне транзіту. Крыху насцярожвае, праўда, каментар, які быў пасля сустрэчы, пра тое, што ў Еўрасаюзе інтэграцыя лепшая, чым паміж Беларуссю і Расіяй.
Хоць пра міграцыйны крызіс можна і пагаварыць, а ўзроўню інтэграцыі ў ЕС пазайздросціць. З улікам летняга часу і сезону адпачынкаў былі ўсе шанцы, што пра беларускія ўлады ў Еўропе на некаторы час забудуць. Але ўладам гэта падалося, мабыць, крыўдным, так што цяпер Літва ўжо прапануе Еўрасаюзу тры варыянты санкцыйнага адказу на міграцыйны крызіс.
І самы мяккі з іх выглядае самым характэрным. Таму што прадугледжвае караць не толькі беларускіх удзельнікаў, але і імпартныя кампаніі, якія аказалі спадарожныя паслугі міграцыйнай плыні. Так што зноў атрымліваецца, што кожны, хто ўступае з беларускімі ўладамі ў ганебныя сувязі, рызыкуе падхапіць ад іх дурную санкцыйную хваробу. І лепшы спосаб засцерагацца — адмовіцца ад выпадковых адносін, сумніўных з пункту гледжання грамадска-палітычнай маральнасці.
Яшчэ, праўда, хтосьці там у ЕС хацеў было пакараць за міграцыйны крызіс беларусаў, пазбавіўшы іх права на шэнгенскія візы. Але потым Ціханоўская паразмаўляла з бюракратамі і адразу аказалася, што прапанова была неспадзяванай памылкай.
І мне, у сувязі з гэтым, раптам падумалася: наколькі ж ад адной Ціханоўскай больш карысці, чым ад усіх беларускіх уладаў разам узятых! А потым падумалася, што слова «больш» тут лішняе. Таму што з-за ўладаў беларусаў збіраліся пазбаўляць віз, а з-за Ціханоўскай — не сталі. І атрымліваецца, што ад яе — суцэльная карысць, а ад некага — наогул ніякай карысці, акрамя шкоды.