Украінскія праваабаронцы патрабуюць разарваць сувязі з афіцыйным Мінскам: Лукашэнка становіцца небяспечным для Украіны
Больш за 10 праваабарончых арганізацый Украіны патрабуюць ад Офіса прэзідэнта, Рады нацыянальнай бяспекі і абароны і Міністэрства замежных спраў абмежаваць дыпламатычныя і эканамічныя сувязі Кіева з афіцыйным Мінскам.
Гэтае патрабаванне выстаўленае ў сувязі з чарговай хваляй ператрусаў і арыштаў праваабаронцаў і журналістаў у Беларусі, а таксама праз небяспечнае развіццё палітыкі Лукашэнкі ў дачыненні да акупаваных тэрыторый Крыма і Данбаса. Тэкст звароту апублікаваў цэнтр правоў чалавека «ZMINA», перадае zn.ua.
Праваабарончыя арганізацыі Украіны патрабуюць:
- спыніць дыпламатычныя адносіны з прадстаўнікамі нелегітымнага і антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі;
- забараніць любое эканамічнае супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія фактычна кантралююцца асяроддзем Лукашэнкі;
- увесці жорсткія эканамічныя санкцыі супраць усіх функцыянераў рэжыму Лукашэнкі і афіляваных з імі бізнес-структур;
- спыніць супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі і структурамі бяспекі рэжыму Лукашэнкі і забараніць выдачу грамадзян Беларусі на запыт афіцыйнага Мінска;
- тэрмінова правесці пасяджэнне РНБА адносна рызык, звязаных з працэсамі паглыблення супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Расійскай Федэрацыяй і фактычнага ўцягвання Беларусі ў гібрыдную вайну РФ супраць Украіны;
- звярнуцца да ўрадаў дэмакратычных краін з прапановай салідарных дзеянняў супраць знішчэння грамадзянскай супольнасці Беларусі рэжымам Лукашэнкі.
Украінскія праваабаронцы адзначаюць, што рэпрэсіі супраць нязгодных адбываюцца на фоне заяў чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі аб аднаўленні авіязносін з акупаваным Крымам і наладжванні супрацоўніцтва з акупацыйнымі адміністрацыямі АРДЛА. На думку праваабаронцаў, гэта паказвае на канчатковую змену палітычнага курсу рэжыму Лукашэнкі: кіруемая ім Беларусь становіцца хаўруснікам Расіі ў вайне супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету.
Праваабаронцы падкрэслілі, што, заручыўшыся палітычнай і фінансавай падтрымкай Расійскай Федэрацыі, лукашэнкаўскі рэжым абраў курс на поўны разрыў сувязей са светам, на дэманстратыўнае ігнараванне ўсіх сваіх абавязанняў у галіне правоў чалавека і імкнецца цалкам знішчыць беларускую грамадзянскую супольнасць.
Зварот падпісалі арганізацыі: «Усход SOS», праваабарончы цэнтр «Поступ», Адукацыйны дом правоў чалавека — Чарнігаў, грамадская арганізацыя «МАРТ», Асацыяцыя УМДПЛ, «Free Belarus Center», Цэнтр правоў чалавека «ZMINA», «Дом свабоднай Расіі», грамадская прыёмная ўкраінскага Хельсінскага саюза па правах чалавека ў Роўне, ГА «Цэнтр грамадскай журналістыкі “МОСТ”», ХОФ «Грамадская альтэрнатыва».