«Агнястрэльны дэбют» новага міністра
Наконт крытыкі шэсця ў Курапаты («Не трэба было ў Курапаты ісці».
«Мала народу, бо ў Курапаты», «Стварылі ўражанне, што пратэсты
здзьмуваюцца» і г. д.) у сваім блогу на Радыё Свабода разважае Сяргей Навумчык.
Памяць
Абмінуць у гэты дзень Курапаты — азначала б здрадзіць памяці сотняў тысяч ахвяраў тэрору камуністычнай сістэмы, якую стваральнік цяперашняй сістэмы лічыць прыкладам. Думаю, далей тлумачыць не трэба.
Масавасць
Ёсць моманты, калі не масавасць галоўнае. У 1968 у Маскве на Красную плошчу з пратэстам супраць уводу войскаў у Чэхаславакію вышлі 8 (восем) чалавек, з 250 мільёнаў жыхароў СССР. Іх было восем, іх збіла і схапіла КДБ праз некалькі хвілінаў, але для ўсяго свету і на дзесяцігоддзі гэта быў знак таго, што ў Савецкім Саюзе «аднадушнай падтрымкі» «міралюбівай» палітыкі КПСС — няма.
25 сакавіка 1989 адзначыць гадавіну БНР выйшаў толькі мастак Алесь Пушкін. Пра гэты «акт нацыяналізму» напісалі ўсе газеты, і калі мала хто ведаў пра БНР — дык цяпер даведаліся мільёны.
Уражанне
Калі нехта заклапочаны, якое ўражанне акцыі робяць на замежных палітыкаў і СМІ, дык бронетэхніка, страляніна, выбухі, збіццё тых, хто ідзе ўшанаваць памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў — як нішто іншае сведчаць для Захаду сутнасць гэтага рэжыму. На Захадзе мала каму (хіба акрамя суперлевых прафесараў) трэба тлумачыць, хто такі Сталін. І паралелі з рэжымам Лукашэнкі тут відавочныя.
Міністр
Гэта дэталь. Але «агнястрэльны бэнэфіс» новага кіраўніка МУС паклаў канец спрэчкам палітолагаў наконт таго, што азначаюць перастаноўкі ў сілавых структурах. Азначаюць адно: узмацненне рэпрэсіяў. Так звычайна і бывае пры агоніях дыктатураў. «Кроме мордобития — никаких чудес», — як спяваў Высоцкі.