Анатоль Лябедзька паскардзіўся ў ААН

20 чэрвеня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька звярнуўся з індывідуальнаю скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека, пералічваючы факты сістэматычнага пераследу за распаўсюд інфармацыі і ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Фота ucpb.org

Фота ucpb.org



Ён просіць прызнаць парушэнне правоў на выказванне меркавання і на мірныя сходы, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведамляе Гомельская Вясна.

 

Толькі за апошнія некалькі месяцаў раённыя суды Мінска некалькі разоў прыцягвалі палітыка да буйных грашовых штрафаў за распаўсюд інфармацыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Агульная сума штрафаў ўжо склала каля 30 млн. рублёў.

 

12 красакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёну Вікторыя Шабуня выпісала яму максімальны штраф у 50 базавых велічынь (10,5 млн. руб.) за тое, што Лябедзька ў Дзень Волі 25 сакавіка “прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні”. Яе калега з суда Савецкага раёну Марына Фёдарава 2 мая выпісала штраф у 40 базавых велічынь (8,4 млн.руб) за тое, што палітык "ажыццяўляў распаўсюд улётак, змест якіх заклікаў грамадзян прыняць удзел у мітынгу 25 сакавіка”. 6 мая суддзя суда Завадскога раёна Алена Някрасава не даравала лідэра АГП, выпісаўшы яму максімальны штраф у 50 базавых велічынь (10,5 млн. руб.) за тое, што ён “прыняў актыўны ўдзел у выказванні пратэсту шляхам распаўсюду ўлётак, змест якіх накіраваны супраць Ураду Беларусі”.

 

Анатоль Лябедзька абскарджваў у Менскім гарадскім судзе ўсе штрафы, аднак вышэйстаячы суд падтрымаў высновы раённых суддзяў, тым самым усталяваў абмежаванні ягоных правоў на выказванне меркавання і на мірныя сходы.

 

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае лідэру АГП у падрыхтоўцы індывідуальнай скаргі ў КПЧ ААН адзначае, менавіта на суддзях кожны раз ляжыць абавязак даказаць, для дасягнення якіх мэт яны абмяжоўваюць правы. У кейсах А.Лябедзькі гэтыя патрабаванні не выкананы. Практыка і юрыспрудэнцыя Камітэта па правах чалавека ў такіх выпадках заўсёды канстатуе парушэння правоў грамадзян.

 

ucpb.org