Азбука паліталогіі: Чаму Беларусь не бярэ прыклад з Кітая
Сучасны чалавек пры ўсёй яго рацыянальнасці лёгка спакушаецца на ідэалагічныя прынады, якія дзяржаўныя прапагандысты шчодра раскідваюць за бюджэтныя грошы.
Беларускі аналаг кнігі Мікалая Куна «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі» яшчэ не напісаны. Але ў будучага аўтара праблем з фактурай не ўзнікне.
Ранжыраваць міфы па ступені іх значнасці — асобная праблема, але пры любым раскладзе ў лідарах акажацца міф пра паспяховасць беларускай мадэлі. Ён падсілкоўваецца не аб’ектыўнымі паказчыкамі эканамічнага развіцця, а параўнаннямі, па-першае, з «ліхімі дзевяностымі», па-другое — з краінамі, чые поспехі без слёз апісаць немагчыма.
Нельга сабе ўявіць, каб «залатыя пёры» беларускай журналістыкі звярталіся ў якасці прыкладу да досведу Сінгапура або Ганконга. Але з «поспехамі» Украіны, якая прайшла праз дзве каляровыя рэвалюцыі, — калі ласка. Пры гэтым бессэнсоўна шукаць інфармацыю пра тое, колькі рэсурсаў Украіна вымушана адцягваць на змаганне з расійскай агрэсіяй. Гэтак жа бессэнсоўна спрабаваць азнаёміцца са статыстыкай датавання беларускай мадэлі «нашай Расіяй».
Каб не быць абвінавачаным у схільнасці высмоктваць інфармацыю з пальца, спашлюся на заяву чалавека з прозвішчам Пуцін, якую ён зрабіў у лютым 2017 года: «Калі вы паглядзіце лічбы, якія прадстаўляе МВФ, то ўбачыце ўражлівыя лічбы схаванай і прамой падтрымкі беларускай эканомікі».
МВФ ацэньваў агульную падтрымку беларускай эканомікі з боку Расіі ў 106 мільярдаў долараў толькі за перыяд 2005–2015, або каля $ 9,7 мільярда на год (ад 11 да 27% беларускага ВУП). Сёння на такі ўзровень датацый разлічваць не даводзіцца. Тым не менш, паводле інфармацыі «Газпрома», на льготных цэнах за газ за пяць гадоў (2015–2019) было зэканомлена $7,4 мільярда — дробязь, а прыемна!
Як заўважыў адзін шырока вядомы ў вузкіх колах беларускі навуковец, дыпламат і палітык (тры ў адным): «Лепшае, што можна прапанаваць, — маштабаванне гісторыі поспеху. У Беларусі ёсць нямала прыкладаў, якія паказальныя не толькі для постсавецкай прасторы, але і для ўсяго свету».
Падобная ж думка, але гэтым разам з самай аўтарытэтнай крыніцы, прагучала 7 траўня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод: «Так, гэта ўжо мы з вамі іх (БЕЛАЗ, МТЗ, Мінскі маторны завод) мадэрнізавалі, абнавілі абсталяванне і ўкаранілі новыя тэхналогіі, але асновы і традыцыі заклалі нашы бацькі і дзяды, стварылі цэлыя школы, якія не могуць сёння паўтарыць іншыя краіны (вылучана. — С.Н.)».
Сапраўды так! Не могуць, таму што не здольныя ацаніць вартасцяў рухавікоў Мінскага маторнага завода. Вось і даводзіцца небаракам на аўтамабілі, вырабленыя на сумесным прадпрыемстве ЗАТ «МАЗ-МАН», мантаваць нямецкія рухавікі.
Прыватызаваць можна не толькі заводы і фабрыкі
Адсутнасць рэальных дасягненняў у сучаснасці прымушае адказных за міфатворчасць звяртацца да мінулага. Найбліжэйшае мінулае — савецкае. Але ў савецкіх гістарычных засеках акрамя Гагарына і Перамогі іншыя значныя для сённяшняга дня дасягненні не праглядаюцца. Дый з Гагарыным праблема. Нованароджанай касмічнай дзяржаве ў геаграфічным цэнтры Еўропы яго ў Расіі не забраць.
Нашы прэтэнзіі на вырашальны ўклад у Перамогу, здавалася б, бясспрэчныя. Тым не менш кожную вясну пра гэта даводзіцца нагадваць — і ў першую чаргу нашчадкам пакаленняў на Захадзе, «якія развязалі гэтую вайну».
Пратэсты 2020 года дазваляюць перакінуць масток (правесці пэўныя аналогіі) «паміж падзеямі ваеннага часу і тымі выклікамі, з якімі сутыкнулася Беларусь цяпер». Сучасная сітуацыя, як гэта не падасца дзіўным, складанейшая, «паколькі процідзейнічаць даводзіцца схаваным сілам». Адбудоўвацца трэба на маршы. «Але пераважная большасць беларусаў разумее, нашчадкамі якога гераічнага пакалення з’яўляецца. І забраць у нас права свабодна жыць і працаваць у роднай краіне ніхто і ніколі не зможа».
Каб не трапіць на месца расійскага палітыка Аляксея Навальнага, на якога ветэран падаў у суд, перанясуся з Беларусі ў Расію з дапамогай цытаты з кнігі «Бясконцая імперыя» гісторыка Аляксандра Абалава і эканаміста Вячаслава Іназемцава:«Улада прыватызавала народныя смутак і памяць; спарадзіла дзясяткі прыватных міфаў пра подзвігі ў гады вайны. < ... > Міфалогія гісторыі, якая зводзіцца да гераізацыі ваенных перамог, мела два вынікі: з аднаго боку, яна легітымізавала праблемы ды заклікалі насельніцтва цярпліва трываць нягоды і не здавацца перад нарастаючымі цяжкасцямі. З іншага боку, яна спрыяла прыкметнай канцэнтрацыі ўвагі на ролі асобы (правадыра), што абярнулася рэабілітацыяй Сталіна і сталінізму».
У палітыкі падтрымання стабільнасці з дапамогай гераізацыі мінулага ёсць сур’ёзныя заганы. У прыватнасці, узнікае пытанне: чаму праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны пераможцы жывуць горш за пераможаных? І гэта пры фантастычнай паспяховасці беларускай мадэлі! Патрабуюць тлумачэння і паводзіны нашых былых калег па Саюзе непарушным, якія зрабілі свой геапалітычны выбар на карысць пераможанага ворага. Пытанні, пытанні…
Савецкі Саюз быў краінай з непрадказальным мінулым, што выяўлялася ў рэгулярным перапісванні гісторыі. Практычна кожны новы генеральны сакратар пачынаў адбудоўваць сваю легітымнасць на крытыцы папярэдніка. Адзіны беларускі палітык (АП) у гэтым сэнсе выключэннем не стаў. Сваё ўзыходжанне на электаральную вяршыню ў 1994 годзе ён здзейсніў не насуперак, а дзякуючы чамаданам кампрамату. І ніхто сёння не дасць гарантыі, што яго пераемнік эксперымент з чамаданамі не паўторыць.
Палітыка як пагроза
Поспех спараджае зайздрасць. У спісе смяротных грахоў зайздрасць пазначаная пад другім нумарам. Віртуальныя поспехі спараджаюць віртуальную зайздрасць. Але да такой зайздрасці не варта ставіцца пагардліва. Калі дыстанцыя ад вялікага да смешнага часам не перавышае аднаго кроку, то пераход ад віртуальнага да рэальнага можна ажыццявіць адным клікам. Тыя, хто авалодаў мастацтвам здабываць даходы з забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, гэта добра разумеюць.
На міфах пра знешніх і ўнутраных ворагах карміліся, корміцца і будзе карміцца яшчэ не адно пакаленне прапагандыстаў. Канспіралагічная свядомасць ім у дапамогу!
Вось як гэты тып свядомасці вызначае дырэктар «Лявада-цэнтра» сацыёлаг Леў Гудкоў: «Гэта ажыўленне істотнага і магутнага пласта савецкай палітычнай культуры, рудыментаў сталінскай падазронасці і практыкі «барацьбы са шкоднікамі, шпіёнамі і дыверсантамі», сацыяльна «чужымі элементамі», што цалкам ніколі не знікалі. Такія ўстаноўкі вельмі жывучыя. Яны ўзнаўляюцца дзякуючы захаванасці таталітарных інстытутаў, хоць сёння ніхто не ведае той атмасферы масавага тэрору, якая спарадзіла ўсе падобныя ідэалагемы і міфы».
Свет тых, хто сёння пракладае курс беларускай мадэлі, — гэта свет, у якім ідзе жорсткая барацьба за чарговы перадзел сфераў уплыву. Народам, якія не здольныя абараніць незалежнасць і суверэнітэт, не пазайздросціш. Натуральна, у такім свеце «нам трэба як ніколі быць разам і трымацца адзін за аднаго». Таму любы намёк на разнастайнасць у поглядах і ацэнках палохае — і не важна, ці ідзе гаворка пра мінулае, сучаснасць або будучыню.
Такі беларускі шлях. Ён, дарэчы, істотна адрозніваецца ад шляху нашага традыцыйнага партнёра Кітая. Я не спецыяліст па культуры Паднябеснай, таму спашлюся на расійскага філосафа Аляксея Глухава. «Канфуцый да таго, як стаў вучыць, абраў тры тысячы народных песень і з іх вылучыў трыста найлепшых. Ідэя была ў тым, што кіраўнік мусіць ведаць свой народ, ён павінен збіраць яно песні, каб зразумець, «як народ працуе», і зразумець, як ім кіраваць. Зразумець, якія ўяўленні ў народа, што добра, а што дрэнна».
Канфуцый, як нескладана заўважыць, прапаноўваў «ісці ад жыцця», а трыста адабраных ім песень павінны былі дапамагчы кіраўніку ўсвядоміць разнастайнасць гэтага жыцця. Без чаго немагчыма ажыццяўляць эфектыўнае кіраванне.
Насуперак вядомай савецкай песні, зверху відаць не ўсё, далёка не ўсё… І чым вышэй размешчаны назіральнік, тым большы ўзровень абагульнення. У выніку застаюцца адрознымі толькі нашы і не нашы. Апошнія ў Беларусі абвяшчаюцца крымінальнымі злачынцамі — а гэта дапускае супраць іх любы ўзровень рэпрэсій.
Прызнанне не нашых палітычнымі апанентамі аўтаматычна азначала б прызнанне складанасці грамадства. Але патрэба ў палітыцы, калі хто забыў, фарміруецца там і тады, дзе і калі з адзінай архаічнай супольнасці пачынаюць вылучацца групы, якія ўсведамляюць свае — г. зн. групавыя — інтарэсы. Палітыка ж — гэта выключна дзейнасць па ўзгадненні інтарэсаў.