Беларусь перадала Украіне спіс з імёнамі затрыманых «вагнераўцаў»

Украінскі бок мае намер высветліць, хто з фігурантаў спісу браў удзел у баях на Данбасе. СБУ і офіс прэзідэнта Зяленскага паведамілі, што Украіна звернецца да Беларусі наконт экстрадыцыі затрыманых баевікоў.



Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Беларусь перадала Украіне спіс затрыманых наймітаў, праваахоўнікі правераць іх наконт удзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе, паведамляе УНІАН.

Пра гэта заявіў украінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба падчас брыфінгу. Ён падкрэсліў, што пытанне не толькі ў тым, колькі сярод затрыманых украінцаў і хто яны. «Таксама вельмі важна ўстанавіць, хто з удзельнікаў гэтага спісу прымаў удзел ва ўзброеных дзеяннях на баку акупацыйных сіл, незаконных узброеных фарміраванняў, ці датычныя яны да здзяйснення тых ці іншых злачынстваў», — растлумачыў Кулеба.

Кіраўнік МЗС Украіны не ўдакладніў колькасць затрыманых у Беларусі ўкраінцаў, але адзначыў, што іх не сямёра, як раней паведамлялі СМІ.

29 ліпеня ў Беларусі затрымалі 33 байцоў расійскай ПВК "Вагнера". Некаторыя з затрыманых з'яўляюцца выхадцамі з Украіны і таксама маюць украінскія пашпарты. Служба бяспекі Украіны і офіс прэзідэнта паведамілі, што Украіна звернецца да Беларусі з запытам аб экстрадыцыі затрыманых баевікоў.