МЗС Украіны пракаментавала затрыманне ў Беларусі расійскіх баевікоў

Украінскі бок уважліва сочыць за сітуацыяй, звязанай з затрыманнем беларускімі праваахоўнікамі некалькіх дзясяткаў расійскіх баевікоў, паведамляецца на сайце ўкраінскага МЗС. Паводле звестак СМІ, сярод іх ёсць і тыя, хто ваяваў супраць Украіны на Данбасе.

telegraf.com.ua

telegraf.com.ua

У паведамленні ведамства гаворыцца, што «Украіна даўно папярэджвала, што прадстаўнікі расійскіх акупацыйных сіл і незаконных узброеных фарміраванняў, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях на ўсходзе Украіны, выкарыстоўваюцца ў іншых частках свету і ўяўляюць пагрозу. Выяўленне гэтых баевікоў у Беларусі пацвярджае гэты факт і дазваляе выказаць здагадку, што яны могуць быць выкарыстаны для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў».
У сувязі з гэтым украінскі бок падкрэслівае, што Украіна развівае добрасуседскія адносіны з Беларуссю, цалкам падтрымліваючы яе суверэнітэт і незалежнасць.
«Пытанні магчымай экстрадыцыі ці іншых судовых дзеянняў будуць вырашацца адпаведнымі праваахоўнымі і спецыяльнымі органамі», — сказана ў паведамленні.
Учора намеснік сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Сяргей Крыванос заявіў, што Украіна можа запатрабаваць экстрадыцыі ўкраінцаў, затрыманых у Беларусі разам з іншымі баевікамі расійскай ваеннай кампаніі Вагнера. Ён ужо звярнуўся ў МЗС Украіны з такой прапановай.
«Па-першае, гэта ўмацавала б нармальныя адносіны паміж Украінай і Беларуссю, дало б штуршок паляпшэнню адносін. І адбіла жаданне нашых ворагаў выкарыстоўваць тэрыторыю нашых суседзяў як плацдарм для дзеянняў супраць нашай краіны», — сказаў Крыванос.
Як паведамлялася, з 33 затрыманых у Беларусі баевікоў 13 знаходзяцца ў базе «Міратворац», як людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на Данбасе.
У некаторых затрыманых, акрамя расійскіх, ёсць украінскія пашпарты.