Беларусь вядзе перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС

Таксама МЗС абмяркоўвае пытанне вяртання паслоў Беларусі і ЗША ў Вашынгтон і Мінск.

q3c32sfa5qc1.jpg

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на словы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі.
— Перамовы ідуць (аб спрашчэнні візавага рэжыму — заўв.). Нядаўна ў Брусэлі адбыліся кансультацыі на ўзроўні начальніка Галоўнага консульскага ўпраўлення нашага Міністэрства замежных спраў і адпаведных спецыялістаў Еўрапейскай камісіі. Пакуль казаць пра нейкія дамоўленасці рана. Але працэс ідзе да гэтых дамоўленасцяў у будучыні, — цытуе чыноўніка расійскае агенцтва.
Акрамя таго, намеснік міністра не выключае вяртання амерыканскага амбасадара ў Менск, а таксама беларускага прадстаўніка — у Вашынгтон.
Нагадаем, што яшчэ ў 2008 годзе Беларусь адклікала свайго прадстаўніка ў ЗША і парэкамендавала амерыканскаму амбасадару зрабіць тое ж самае. Дэмарш быў звязаны з увядзеннем дадатковых эканамічных санкцый у дачыненні да канцэрна «Белнафтахім».
Паводле gazetaby.com