Белгазпрамбанк можа ўзначаліць Надзея Ермакова
Нацыянальны банк Беларусі можа ўвесці сваю адміністрацыю па кіраванні Белгазпрамбанкам. Пра гэта стала вядома TUT.BY ад інфармаваных крыніц.
"У рэгулятара ёсць такая опцыя. Такое рашэнне, як правіла, кароткачасовае. Яно можа быць кампрамісам для стабілізацыі сітуацыі ў банку", — растлумачылі суразмоўцы. Пры гэтым для ўвядзення "часовай адміністрацыі" няма падстаў, паколькі банк плацежаздольны, лічаць крыніцы.
Учора ў галаўным офісе Белгазпрамбанка пабываў кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр. "Вырашылі памяняць менеджэраў", — сказаў суразмоўца. Экс-старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай прапанавалі ўзначаліць Белгазпрамбанк, гэтую інфармацыю яна пацвердзіла TUT.BY.
У Нацбанку адмовіліся ад каментароў. Атрымаць каментар у Белгазпрамбанку не ўдалося.
У 2017 годзе экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова ўзначаліла назіральную раду БСБ-Банка пасля таго, як рэгулятар адклікаў у камерцыйнага банка ліцэнзію на працу з дэпазітамі фізічных асоб. Неўзабаве пасля кадравых перастановак сітуацыя нармалізавалася.
У траўні пасаду старшыні праўлення Белгазпрамбанка пакінуў Віктар Бабарыка. Ён заявіў, што збіраецца стаць кандыдатам у прэзідэнты.
Бабарыка кіраваў банкам 20 гадоў
Нагадаем, 11 чэрвеня ў галаўны офіс Белгазпрамбанк прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю для ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў у дачыненні да шэрагу юрыдычных і фізічных асоб", паведаміла прэс-служба банка. Сілавікі правяралі банк да позняй ночы.
Прэс-служба Белгазпрамбанка заявіла, што дадзеныя падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасць банка, выкананне ўзятых абавязацельстваў і абслугоўванне кліентаў, плацяжы якіх ажыццяўляюцца ў звычайным рэжыме.
Акцыянеры Белгазпрамбанка — расейскія "Газпрам" і Газпрамбанк — заявілі аб "поўнай падтрымцы" беларускай "дачкі" і "гатоўнасці, у каардынацыі з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, спрыяць вырашэнню сітуацыі, якая склалася".
Белгазпрамбанк па памеры актываў і капіталу на пачатак гэтага года размяшчаўся на трэцім месцы — пасля Беларусбанка і Белаграпрамбанка. Па прыбытку за 2019 год — на чацвёртым месцы — пасля Беларусбанка, Прыёрбанка і БПС-Ашчадбанка. Белгазпрамбанк, у якім працуе 1640 чалавек, зарабіў 96,6 млн рублёў
Банк крэдытуе вядучыя прадпрыемствы розных галін эканомікі. "Банк арыентаваны ў асноўным на абслугоўванне прадпрыемстваў паліўна-энергетычнага комплексу, а таксама прадпрыемстваў сярэдняга і малога бізнесу. Агульная колькасць абслугоўваемых кліентаў (юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў) на 1 кастрычніка 2019 года склала 41 211", — гаворыцца ў адным з апошніх праспектаў эмісіі аблігацый банка.
Дзяржкаммаёмасці Беларусі належыць 0,097% акцый Белгазпрамбанка.
Паводле news.tut.by