Блогера Аляксандра Кабанава адпусцілі з міліцыі
Як паведамляе Радыё Свабода, яго вызвалілі пасля апытання.
Кабанава затрымалі 15 ліпеня каля 13.40 каля ўваходу на рынак на вуліцы Пушкінскай, дзе ён збіраў подпісы за адстаўку берасьцейскіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаванні мясцовых жыхароў спыніць будаўніцтва пад Берасьцем акумулятарнага заводу.
«Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС. Каля 16.25, пасля апытання ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэннем, адпусцілі з міліцыі. Я ўпэўнены, што мяне будуць судзіць за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хоць збор подпісаў пад закон „Аб масавых мерапрыемствах“ не падпадае, а рэглямэнтуецца законам „Аб зваротах грамадзян“», — паведаміў БелаПАН Кабанаў.
Ён нагадаў, што днём 24 чэрвеня ў Берасці каля гэтага самага рынку на вуліцы Пушкінскай супрацоўнікі міліцыі затрымалі грамадскіх актывістаў Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленку падчас збору такіх самых подпісаў.
11 ліпеня суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў Бекалюка і Ярмоленку вінаватымі паводле ч. 1 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (490 рублёў) кожнага.
Кабанаў падкрэсжліў, што раней апаненты будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем звярнуліся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці зяўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якія падпадаюць пад дзеянне адпаведнага заканадаўства.
8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў аўтарам адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не зяўляецца.