«Дыджэі пераменаў» Улад Сакалоўскі і Кірыла Галанаў з'ехалі ў Літву

Гукарэжысёры з Беларусі асцерагаюцца рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў.

Выява, прысвечаная дыджэям пераменаў у адным з двароў Мінска

Выява, прысвечаная дыджэям пераменаў у адным з двароў Мінска

30-гадовы гукарэжысёр Уладзіслаў Сакалоўскі сказаў BNS, што з'ехаў з Беларусі, паколькі баіцца надоўга трапіць у турму.
Сакалоўскі і яго 27-гадовы калега Кірыла Галанаў праславіліся пасля таго, як 6 жніўня падчас свята ў Кіеўскім скверы (Мінск) ўключылі легендарную песню В.Цоя "Пераменаў". На наступны дзень яны атрымалі па 10 сутак арышту за хуліганства і аказанне супраціву вартавым парадку.
"Пасольства Літвы прапанавала нам дапамогу 6 жніўня адразу пасля здарэння. Калі нас выпусцілі, амбасада зноў з намі звязалася. Мы вырашылі скарыстацца прапанаванай дапамогай", — сказаў Сакалоўскі.
Ён прыехаў у Літву 22 жніўня. "Я хачу падзякаваць літоўцам за падтрымку, асабліва тым, хто нам дапамог і прытуліў. Мы атрымалі больш дапамогі, чым спадзяваліся", — сказаў Сакалоўскі.
Ён распавёў, што пяць дзён з 10 падчас арышту правёў у карцары, а на ложку спаў усяго дзве ночы. Тры іншыя драмаў на зэдліку. Ён распавёў, што 9 жніўня ўвечары да яго прыйшоў незнаёмы візіцёр. "Тварам да сцяны! Ты хацеў пераменаў? Уключыў песню? Шмат людзей выйшла на вуліцы, шмат затрымана, а колькі з іх у лякарні ... Рыхтуйся, гэта толькі пачатак, сядзеш на 10 гадоў. Яшчэ і сябра падставіў", — успамінае словы гэтага чалавека Сакалоўскі.
"Ён двойчы ўдарыў мяне па спіне. Сыходзячы, кінуў падначаленым: "Зрабіце як трэба, а то сядзіць тут нібы ў санаторыі". Пасля гэтага мне не раскладвалі ложак, а праз вентыляцыю задзімала халоднае паветра. Па начах было вельмі халодна", — распавёў ён.
На свабодзе Сакалоўскі расказаў пра гэта журналістам, і сказаў, што, падобна, што візіцёр — віцэ-міністр МУС Аляксандр Барсукоў.
21 жніўня Сакалоўскага запрасілі на гутарку ў МУС. У яго патрабавалі абвергнуць гэтую заяву, пагражалі распачаць справу аб паклёпе. У МУС з ім размаўляў віцэ-міністр: "Ён падышоў да мяне і сказаў: "Паглядзі, я невысокага росту", зняў чаравікі і сказаў "Глядзі, без абутку я яшчэ ніжэйшы". "Паколькі я на 100% не мог сцвярджаць, што гэта быў ён, падпісаў афіцыйнае абвяржэнне", — сказаў Сакалоўскі.
Акрамя таго, падчас допыту цікавіліся пра 40 000 долараў, якія былі сабраныя ім у падтрымку. "Спрабавалі ўгаварыць мяне, каб я публічна сказаў, што мне заплацілі", — распавёў мужчына.
Ён распавёў BNS, у якіх умовах утрымлівалі пад арыштам у Мінску іншых удзельнікаў акцый пратэсту. Па словах Сакалоўскага, перад пераводам яго з карцара ў звычайную камеру ў яго забралі адзенне і абутак. Спачатку яго спрабавалі пасяліць у шасцімеснай камеры, дзе ўжо было каля 40 чалавек. "Яны таксама былі без адзення. Збітыя, практычна цалкам сінія, у гематомах і запечанай крыві", — успамінаў ён. Музыку пасадзілі ў іншую шасцімесную камеру, дзе было каля 30 чалавек. "Тут людзі былі ў адзенні. У камеры антысанітарыя. Не было туалетнай паперы, я не кажу пра мыла ... У гэтай камеры я правёў яшчэ пяць сутак", — сказаў ён.
"Ноч з 11 на 12 была самая страшная. Я чуў крыкі без паўзы на ўдых і глухія ўдары. У калідоры, як я зразумеў, таксама стаялі людзі. Я чуў як адзін з супрацоўнікаў сказаў камусьці: "Мы будзем рабіць з вас інвалідаў першай групы. Вы ніколі не зможаце хадзіць". У камеры былі людзі, якіх трымалі на вуліцы 6-8 гадзін "мордай у зямлю" і ўвесь гэты час білі", — распавёў BNS Сакалоўскі. Паводле яго слоў, у камеры не ўсіх кармілі.
За перыяд, калі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў пачаліся рэпрэсіі супраць апазіцыі, Літва ўжо прыняла з гуманітарнымі мэтамі 22 беларуса, палова з іх афіцыйна папрасіла палітычнага прытулку. "Усе гэтыя людзі знаходзяцца ў бяспецы", — сказала BNS у сераду дарадца міністра ўнутраных спраў Бажэна Забароўска-Здановіч. Паводле яе слоў, дазволы прыехаць з Беларусі па асаблівых гуманітарных прычынах атрымалі агулам 36 чалавек.
Паводле delfi.lt