Еўрапарламент дамагаецца істотных эканамічных санкцый супраць Мінска
У праекце рэзалюцыі Еўрапарламента дэпутаты заклікаюць да неадкладнага ўвядзення дзейсных эканамічных санкцый супраць Мінска. Яны настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі, паведамляе www.dw.com.
Еўрапарламент назваў прымусовую пасадку ў Мінску самалёта «Ryanair» актам
дзяржаўнага тэрарызму і выступіў за ўвядзенне істотных эканамічных санкцый
супраць рэжыму беларускага кіраўніка.
«Еўрапарламент заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных зняволеных у Беларусі», — цытуе «Інтэрфакс» праект рэзалюцыі Еўрапарламента, галасаванне па якой пройдзе на пленарнай сесіі ў чацвер, 10 чэрвеня.
У гэтым дакуменце еўрадэпутаты заклікаюць Раду ЕС неадкладна ўвесці «эканамічныя санкцыі, якія павінны быць істотнымі і аказваць максімальна магчымае і неадкладнае ўздзеянне на беларускі рэжым». Гэтыя меры павінны быць накіраваныя як супраць дзяржаўных кампаній, так і супраць прыватных, якія кантралююцца Мінскам або якія звальняюць супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах або забастоўках.
У праекце рэзалюцыі прапануецца ўвесці сектаральныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія працуюць з нафтай і нафтапрадуктамі, а таксама ў калійнай, сталеліцейнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці; спыніць супрацоўніцтва з беларускімі дзяржбанкамі і цэлы шэраг іншых мер.
Дэпутаты Еўрапарламента таксама выказалі занепакоенасць «прыхільнасцю Расіі рэжыму Лукашэнкі, уключна з фінансавай падтрымкай і цесным супрацоўніцтвам паміж спецслужбамі».