«Кіберпартызаны» паказалі працу сілавікоў падчас разгону акцыі пратэсту 9 жніўня ў Мінску
Супольнасць «Кіберпартызаны» дала інтэрв'ю амерыканскаму выданню «The Washington Post». У сваім артыкуле газета апублікавала відэа з дрона, які фіксаваў працу сілавікоў падчас разгону акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў Мінску на скрыжаванні Машэрава-Даўмана. Поўную версію відэа таксама размясцілі на Youtube-канале супольнасці (які пакуль не прызнаны экстрэмісцкім, у адрозненне ад тэлеграм-канала).
На відэа — запіс працягласцю крыху больш за 17 хвілін. На адсечцы ў 8.30 відаць прымяненне святло-шумавых гранат па разрозненым натоўпе людзей. Пасля гэтага па белай машыне, «якая "наразае" кругі перад ачапленнем», відаць, як сілавікі адкрываюць па ёй агонь (з 9.15).
Нагадаем, супольнасць «Кіберпартызаны» з'явілася пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 2020-га года. Актывісты групоўкі заяўляюць пра ўзлом баз даных МУС, ДАІ, аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт», перыядычна выкладваюць аўдыёзапісы размоў чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур. «Кіберпартызаны» сцвярджаюць, што відэа з дрона таксама было атрымана ў выніку ўзлому.