Латвія адмовілася экстрадаваць Цапкалу
Генеральная пракуратура Латвіі адмовілася экстрадаваць Валерыя Цапкалу ў Беларусь
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка латвійскай Генпракуратуры Уны Рэке, такое рашэнне было прынята яшчэ 28 чэрвеня, паведамляе REFORM.by са спасылкай на «Delfi».
У Генпракуратуры ўстрымаліся ад далейшых каментароў.
8 лютага стала вядома, што Следчы камітэт накіраваў у Генпракуратуру дакументы аб ініцыяванні пытання перад Латвіяй аб экстрадыцыі Цапкалы. У эфіры беларускага ТБ заявілі, што яго абвінавачваюць «па шэрагу карупцыйных злачынстваў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры».
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што запыт на экстрадыцыю Цапкалы павінен быць адхілены. Кіраўнік ведамства разглядае «запыт рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазіцыйнага палітыка як адкрытую спробу помсты». У адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам, рашэнне прымаецца кампетэнтнымі праваахоўнымі органамі, улічваючы ўсе аспекты справы, заявіў ён.
Валерый Цапкала — экс-кіраўнік беларускага «Парка высокіх тэхналогій». Ён спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, але не быў дапушчаны да выбараў. Пакінуў краіну ў ліпені 2020 года. У жніўні 2020 года стала вядома, што ў дачыненні да Цапкалы завялі крымінальную справу, ён быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. У канцы мінулага года Валерый і Вераніка Цапкалы пераехалі ў Латвію, яны ствараюць у Рызе фонд дапамогі беларускім жанчынам, пацярпелым ад дзеянняў улад, а таксама дапамагаюць бежанцам з Беларусі, якія атрымалі ў Латвіі палітычны прытулак.