Літва не выдасць Ціханоўскую Лукашэнку

Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас.

photo_2021_02_22_15_50_35.jpg


«Я думаю, у кіраўніцтве Беларусі добра разумеюць: любы запыт аб выдачы Святланы Ціханоўскай будзе дзеяннем чыста рытуальным. Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны пераслед. У Мінску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо» — сказаў намеснік кіраўніка літоўскага МЗС «Нямецкай хвалі», на якую спасылаецца «Радыё Свабода».

Нагадаем, 2 сакавіка Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што абвясціў Святлану Ціханоўскую ў вышук і што дакументы на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генеральную пракуратуру.

У лютым беларускія ўлады спрабавалі пераканаць Латвію выдаць ім іншага былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду — Валерыя Цапкалу. Але калі Цапкалу выстаўляюцца абвінавачанні ў карупцыі і хабарніцтве, то Ціханоўскай прыпісваюць падрыхтоўку беспарадкаў і захопу ўрадавых будынкаў.

Ціханоўская праз сваю прэс-сакратарку Ганну Красуліну абвінавачанні адпрэчыла. «Як паказваюць больш за 200 дзён беларускага пратэсту, Святлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівалі толькі мірныя метады», — паведаміла Красуліна.

На пытанне, ці не можа адмова выдаць Ціханоўскую яшчэ больш ўскладніць адносіны Вільні і Мінска, намеснік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адаменас адказаў: «Наш амбасадар адкліканы для кансультацый яшчэ ў кастрычніку летась. Цяпер Літву ў Беларусі прадстаўляе часовы павераны. Зрабіць афіцыйныя адносіны яшчэ горшымі наўрад ці магчыма».

Падчас падзей мінулага года ў Беларусі Літва дала прытулак сотням беларускіх палітычных уцекачоў, у тым ліку і Святлане Ціханоўскай.

«Любы літоўскі ўрад, які пагадзіўся б выдаць хоць бы аднаго палітычнага ўцекача мінскаму рэжыму, не пратрымаўся б і дня», — лічыць дэпутат Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс.