«Часам не да законаў». Адвакату Іллі Салею падоўжылі тэрмін хатняга арышту
Суд Партызанскага раёна 3 сакавіка не задаволіў скаргу абароны Іллі Салея — адваката Марыі Калеснікавай і юрыста штаба Віктара Бабарыка — на падаўжэнне яму хатняга арышту.
Як паведамляе штаб Віктара Бабарыкі, дамашнія арышт Салею падоўжаны незаконна. На думку абароны, рашэнне аб падаўжэнні парушае максімальны тэрмін утрымання пад вартай і хатнім арыштам.
У адпаведнасці з законам, такі гранічны тэрмін па інкрымінаваным Іллі менш цяжкім злачынстве не можа перавышаць 6 месяцаў і ўключае ў сябе час знаходжання ў ІЧУ і СІЗА, а значыць, мінае 9 сакавіка 2021 года.
Пасля гэтага мера стрымання павінна быць адмененая або абраная іншая, не звязаная з пазбаўленнем волі.
Адвакаты таксама яшчэ раз падкрэсліваюць, што ўжыванне ў дачыненні да Іллі хатняга арышту насуперак закону не ўлічвае асобу, бездакорную рэпутацыю, аўтарытэт сярод калег і прызнанне Іллі ў якасці аднаго з лепшых маладых юрыстаў Беларусі сярод найбольш аўтарытэтных міжнародных юрыдычных рэйтынгаў.
Ілля Салей — адвакат Марыі Калеснікавай. Затрыманы 9 верасня 2020 года. У кватэры Іллі адбыўся ператрус, а яго самога даставілі на допыт у Следчы камітэт. Там яму паведамілі, што ён падазраецца ў крымінальным злачынстве па ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). 11 верасня Салей быў пераведзены ў СІЗА-1 Мінска. 16 кастрычніка мера стрымання ў дачыненні да Салея была змененая на хатні арышт.
Беларускімі праваабаронцамі Салей прызнаны палітвязнем.