Лукашэнка пяты раз афіцыйна ўступіў на пасаду прэзідэнта
Аляксандр Лукашэнка прынёс урачыстую прысягу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і афіцыйна ўступіў на пасаду.
Фота belta.by
Цырымонію адкрыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, якая аб'явіла пра абранне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам на выбарах 11 кастрычніка і прапанавала яму прынесці прысягу.
"Заступаючы на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і
абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі", — зачытаў па-беларуску Лукашэнка тэкст прысягі.
Затым прагучаў дзяржаўны гімн, Лукашэнка падпісаў Акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго Ярмошына ўручыла яму пасведчанне прэзідэнта.
Цырымонія праходзіць у прысутнасці вышэйшых службовых асоб краіны, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікоў розных узроўняў, прадстаўнікоў
дыпламатычнага корпусу і замежных гасцей — усяго, паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, больш чым 1 тысячы чалавек.
Інаўгурацыя Лукашэнкі ўпершыню арганізавана ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці, які быў адкрыты летам 2013 года. З палаца ўрачыстасці перамесцяцца на плошчу Дзяржаўнага сцяга, дзе
ваеннаслужачыя прынясуць клятву на вернасць беларускаму народу і прэзідэнту. Пасля завяршэння цырымоніі перад Лукашэнкам урачыстым маршам пройдзе рота ганаровай варты. Затым адбудзецца
святочны канцэрт.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах 11 кастрычніка яўка выбаршчыкаў склала 87,2%. 61-гадовы Лукашэнка атрымаў 83,5% галасоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН