Лукашэнка непакоіцца, каб услед за эканамічнымі моладзь не захацела і палітычных перамен

Валер Карбалевіч каментуе Радыё Свабода навагодні выступ Аляксандра Лукашэнкі.

69c7c857_4163_4d2f_b55e_594d4d14201f_w1023_r1_s.jpg


У навагоднім выступе Лукашэнка звярнуўся да «старэйшага пакалення»: «Вы нам патрэбныя асабліва цяпер. Патрэбны ваш досвед, веды, мудрасць. Менавіта вы павінны дапамагчы маладым у працэсе складанага руху наперад, зберагчы іх ад неабгрунтаванага імкнення зрабіць усё за імгненне, небяспекі адарвацца ад рэальнага жыцця і патраціць час на бескарыснае», — сказаў Лукашэнка.
Як мяркуе аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч, гэта былі падсвядомыя засцярогі, каб абвешчаны курс на развіццё ІТ-краіны не сягаў у палітыку, каб моладзь не захацела ўслед за эканамічнымі і палітычных перамен:
«І вось старэйшае пакаленне павінна ўтрымаць маладзёнаў у межах „рэальнага жыцьця“».
Паводле ​Карбалевіча, цяперашняе навагодняе віншаванне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу было менш палітызаваным, чым звычайна:
«Бо мінулым годам не было важных палітычных кампаній, і ў новым годзе яны не прадбачацца. А мясцовыя выбары ніхто не ўспрымае ўсур’ёз.»
Карбалевіч лічыць досыць дзіўным акцэнт, які зрабіў Лукашэнка на падрыхтоўцы да ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў Мінску у 2019 годзе.
«Прыгожая цацка, у якую ўвесь час гуляецца кіраўнік дзяржавы, ён хоча зрабіць прыярытэтам для Беларусі. Добра, што хоць традыцыйны калядны хакейны турнір, на якім амаль заўсёды перамагае „каманда прэзідэнта“, не быў аб’яўлены галоўнай падзеяй года».