VeganFood: святочныя стравы да навагодняга стала
Святочная ноч не выключэнне, каб паспрабаваць абысціся без мяса, застаючыся
сытым і задаволеным. Праект ''VeganFood'' пацікавіўся ў практыкуючых веганак,
што яны традыцыйна ставяць на стол.
Салата з фасоляй і балгарскімі перцамі ад Марты
Для салаты нам спатрэбяцца:
- два буйных балгарскіх перца чырвонага і жоўтага колераў;
- 200 г сухой фасолі;
- 250-300 г алівак без костак;
- 250-300 г маслін без костак;
- Дзве цыбуліны;
- 400 г свежых ці марынаваных шампіньёнаў;
- алей;
- соль і чорны перац.
Загадзя замачваем фасолю і варым яе да мяккасці. Калі вы аддаеце перавагу свежым шампін’ёнам, то абавязкова пасмажце іх, нарэзаўшы тонкімі скрылькамі. Перцы нашынкуйце невялікімі кубікамі, аліўкі і масліны парэжце на чатыры часткі.
У якасці запраўкі для салаты добра высмажваем цыбуліны на алеі да залацістага колеру.
Усе інгрыдыенты перамешваем, солім, перчым і даем салаце настаяцца.
Па словах Марты, салата атрымоўваецца яркай і сытнай, неверагодна араматнай. І нават на наступны дзень есці яе смачней, чым у навагоднюю ноч.
Печаныя сушкі з начынкай ад Ані
Для стравы нам спатрэбяцца:
- сушкі;
- сачавіца;
- рыс;
- морква;
- сухая гарчыца;
- сухі імбір;
- асафетыда;
- алей;
- соль і перац.
Замачваем на ноч сачавіцу і раніцай перамолваем яе блэндэрам ці кухоным камбайнам. Адварваем рыс і змешваем яго з сачавіцай. Чысцім і націраем на буйную тарку моркву.
Разаграем на патэльні алей і дадаем сухой гарчыцы, літаральна праз хвіліну дадаем астатнія спецыі: імбір, асафетыду, перац і соль. Закідваем нацёртую моркву, усё высмажваем каля дзесяці хвілінаў. Затым перамешваем моркву з рысам і сачавіцай.
Вымочваем сушкі ў вадзе ці соявым малацэ. Кладзем ва ўнутар сушкі начынку з горкай і ставім запякацца ў духоўку. Каб яны не атрымаліся занадта сухімі можна загадзя змазаць іх посным маянэзам.
Начынкі для сушак могуць быць і значна прасцейшымі. Напрыклад, абсмажыць добра парэзаную цыбулю, нацёртую моркву і грыбы. Перамяшаць з адвараным рысам. Ці любы іншы варыянт па вашаму густу і фантазіі.
Салата ''Гранатавы браслет'' ад Карыны
Для салаты нам спатрэбяцца:
- адзін адвараны бурак;
- 100 г грэцкіх арэхаў;
- дзве вараныя бульбіны;
- адзін гранат;
- посны маянэз.
Адварваем бурак і бульбіны. Паасобна націраем іх на буйной тарцы. Трушчым грэцкія арэхі.
Затым ставім у цэнтр вялікай талеркі шклянку пачынаем выкладаць вакол яе інгрыдыенты слаямі:
- бурак;
- маянэз;
- грэцкія арэхі;
- бульба;
- маянэз;
- гранат.
Затым акуратна вымаем з салаты шклянку, бо яна нам патрэбна была выключна для формы.
Як зазначае Карына, салата атрымоўваецца злёгку салодкай і пажыўной.
Вясёлых вам святаў і смачна есці!
Фота: Хрысціна Чарняўская