«Метады сталінскіх рэпрэсій». Еўрапейскія палітыкі і праваабаронцы пра «прызнанні» Пратасевіча
Дайджэст выказванняў сабраў TUT.BY.
Паказаныя па беларускім ТБ відэа з удзелам Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі з'яўляюцца парушэннем беларускімі ўладамі абавязацельстваў на справядлівае судовае разбіральніцтва і абсалютнай забароны на прымяненне катаванняў. Пра гэта заявіў дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Матэа Мекачы.
«Паколькі на сённяшні дзень сітуацыя не дазваляе Пратасевічу і Сапезе атрымаць справядлівае судовае разбіральніцтва, я заклікаю да іх вызвалення ў якасці неадкладнага сродку прававой абароны», — падкрэсліў Мекачы.
«Паднявольнае і сканструяванае»
Да неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча заклікаў і МЗС Чэхіі. У распаўсюджанай заяве адзначаецца, што выступ Пратасевіча быў «паднявольным і, бясспрэчна, сканструяваным».
У МЗС Рэспублікі заявілі, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць
у адносінах да сваіх апанентаў «метады, вядомыя па часах жорсткіх
сталінскіх рэпрэсій» і заклікалі вызваліць Пратасевіча і іншых палітычных
зняволеных, «колькасць якіх з кожным тыднем узрастае».
«Гэта нельга лічыць нармальным»
«Я магу паўтарыць: пасадзіць самалёт, а потым арышт людзей... з іх выбіваюць нейкія словы прызнання. Гэта нельга лічыць нармальным», — пракаментаваў відэа з Пратасевічам канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.
Ён таксама адзначыў, што апошнія прэзідэнцкія выбары ў
Беларусі не былі справядлівымі, а «асабліва абурыла пасадка самалёта
Ryanair і арышт» Пратасевіча і Сапегі. Па словах Курца, у Аўстрыі шмат
кантактаў з Беларуссю і яна зацікаўленая, каб сітуацыя ў нашай краіне
нармалізавалася.
«Гэта наш інтарэс, каб Беларусь ішла па аптымальным
шляху развіцця, каб развівалася грамадзянская супольнасць, каб не пераследавалі
журналістаў, каб прызнавалася права на існаванне іншага меркавання — не
рэагавалі б так жорстка», — заявіў канцлер.
«Жудаснае відовішча»
Дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс назвала паказанае па АНТ інтэрв'ю Рамана Пратасевіча «вымушаным самаагаворам» і «жахлівым відовішчам».
«Чалавек, відавочна, знаходзіцца на мяжы зрыву, у
слязах і з бачнымі пашкоджаннямі на запясцях, вымушаны агаворваць сябе і
нахвальваць сваіх выкрадальнікаў. Гэта быў прыклад жорсткага і зневажальнага
чалавечую годнасць абыходжання, які трансляваўся ў тэлеэфіры», — адзначыла Стразерс.
На яе думку, інтэрв'ю паказвае, што Раман Пратасевіч «знаходзіцца пад невыносным псіхалагічным ціскам, што раўнасільна
жорсткаму звароту, і дае падставу патрабаваць прыцягнення да адказнасці ўсіх,
хто стаіць за гэтым фарсам».
Пратасевіч, нагадаем, быў затрыманы 23 траўня пасля пасадкі
ў Мінску рэйса Ryanair Афіны — Вільнюс, які ляцеў у Літву. Яго вінавацяць у
злачынствах паводле ч. 1 арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1
арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба
парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай
варожасці).
Напярэдадні адвакат Пратасевіча Інэса Аленская заявіла, што
не бачыла свайго падабароннага ўжо тыдзень.